Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сябры ЗБС наведалі праблемны інтэрнат з гарбатай і цукеркамі


Юлія Шарова, Менск Сябры Задзіночаньня беларускіх студэнтаў (ЗБС) сёньня ўвечары зноў прыходзілі да інтэрнату Менскага дзяржаўнага тэхналягічнага каледжа, каб пачаставаць тамтэйшых жыхароў гарбатай і цукеркамі. Першую такую акцыю ЗБС зладзіла 12 траўня – такім чынам сябры арганізацыі хацелі падтрымаць сваіх равесьнікаў, якія жывуць у вельмі складаных пабытовых умовах.

У інтэрнаце Менскага тэхналягічнага каледжа, што месьціцца на вуліцы Дарашэвіча, 3, рэдка бывае гарачая вада, там усяго два разы на суткі ўключаюць электрычныя пліты на кухні – навучэнцы не заўсёды могуць прыняць душ і прыгатаваць сабе ежу. Са столяў часта падае тынкоўка, у асобных пакоях завяліся прусакі й мышы.

На шматлікія скаргі навучэнцаў ані чыноўнікі зь міністэрства адукацыі, ані адміністрацыя каледжа пакуль практычна не адрэагавалі. Са словаў навучэнкі каледжа, сябра ЗБС Юліі Янюк, на ўчорашняй радзе інтэрната ім толькі паабяцалі за лета пафарбаваць сьцены ды патруціць шкоднікаў. Капітальны рамонт там рабіць як быццам не зьбіраюцца.

Юлія кажа, што адміністрацыя каледжа й камэндант інтэрната ўвогуле схільныя вінаваціць менавіта навучэнцаў ва ўсіх праблемах.

(Янюк: ) "Гэта з-за таго, што вы ходзіце на абцасах, падае тынкоўка. А ў пакоях тынкоўка падае з-за таго, што вы там сушыце бялізну. На пытаньне, дзе яе сушыць усё ж такі, дзе сушылкі ніхто не адказвае. Мы вінаватыя ў тым, што заходзячы да нас у пакой, яны ня бачаць абсалютнага парадку. Мы, натуральна, жывем. Мы не сядзім, склаўшы рукі на каленках, і не паглядаем у столь, ці ўпадзе адтуль тынкоўка. Калі ты жывеш то ў прынцыпе тваё жыцьцё бачнае".

Учора на радзе інтэрната таксама прынялі рашэньне пра тое, каб з наступнага навучальнага году пазбавіць месцаў ладную частку навучэнцаў. Юлія Янюк кажа, што падставай для адмовы ў месцы была як быццам неахайнасьць тых жыхароў інтэрната. Нагадаем яшчэ, што ці не палова з 450 юнакоў і дзяўчат, што жывуць у будынку на Дарашэвіча, 3, падпісаліся ў свой час пад зваротам у Міністэрства адукацыі, у якім прасілі зьвярнуць увагу на іхныя праблемы.

Сёньня сябры ЗБС частавалі жыхароў інтэрната цукеркамі й халоднай гарбатай: на дварэ было даволі горача. Ахвочых проста памыцца ці прыгатаваць ежу запрашалі ў штаб-кватэру арганізацыі, якая знаходзіцца літаральна праз дарогу – гэта на той выпадак, калі ў новым навучальным годзе жыць у інтэрнаце камфортней ня стане.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG