Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі вэтэран, чыё фота абышло ўсю плянэту ў 1945, атрымае дадатковую пэнсію ад немцаў


Алена Струвэ, Менск Мэрыя ўсходненямецкага Торгаў, дзе 25 красавіка 1945 на рацэ Эльбе адбылася гістарычная сустрэча савецкіх і амэрыканскіх вайскоўцаў, прыняла рашэньне пра аказаньне дадатковай матэрыяльнай дапамогі беларусу Аляксандру Сільвашку, колішняму лейтэнанту Чырвонай арміі і ганароваму жыхару гэтага гораду.

Як вынікае з артыкулу ў сёньняшняй Targauer Zeitung, складаная працэдура пераліку грошай у Беларусь ужо вырашана на ўзроўні нямецкіх і беларускіх уладаў.

Гістарычны фатаздымак карэспандэнта часопісу Life, на якім савецкі і амэрыканскі лейтэнанты паціскаюць адзін аднаму рукі ў часе сустрэчы войскаў саюзьнікаў на Эльбе, тады, напрыканцы красавіка 1945 абышоў многія выданьні сьвету і стаў, паводле гісторыкаў, нечаканым нават для Чэрчыля, Трумэна і Сталіна.

Менавіта шараговыя вайскоўцы, а не галоўнакамандуючыя ўпершыню абвясьцілі пра разгром нямецкіх войскаў. Аднаго зь лейтэнантаў звалі Аляксандар Сільвашка. Цяпер яму 83 гады, ён жыве ў вёсцы Морач ў Клецкім раёне, пасьля вайны стаў спачатку настаўнікам, а потым больш за 50 год працаваў дырэктарам вясковых беларускіх школаў. Другім вайскоўцам на легендарным фатаздымку быў лейтэнант Уільям Робэртсан. У далейшым ён стаў вядомым амэрыканскім нэўрахірургам. Памёр у студзені 1999.

І беларусу, і амэрыканцу пашчасьціла сустракацца і пасьля вайны. Мэрыя нямецкага Торгаў рэгулярна запрашала саюзьнікаў на сьвяткаваньне ўгодкаў сустрэчы саюзьнікаў на Эльбе.

Як піша сёньня "Targauer Zeitung", ня так даўно ў мэрыю гэтага нямецкага гарадка трапіла інфармацыя пра цяжкае жыцьцё беларуса Сільвашкі, пра пэнсію героя ў памеры каля 120 эўра. Навіна не пакінула абыякавай бургамістра Андрэа Штаўдэ. Разам са сваімі калегамі яна вырашыла дапамагчы ганароваму жыхару гораду. Вырашана, што гэта будзе дадатковая пэнсія зь нямецкага боку ў памеры 100 эўра ў месяц.

Як паставіўся да такога рашэньня беларускі вэтэран? З гэтае нагоды мы датэлефанавалася ў Марач. Паводле спадара Сільвашкі, Радыё Свабода было першым, хто паведаміў яму пра гэтую грашовую падтрымку. Канечне, яна для чалавека сталага веку незалішняя:

(Сільвашка: ) “Гэта гуманна, магу сказаць. Калі дадуць, дык не адмоўлюся, а калі не – дык не. Я цяпер адзін жыву. Гэта не прыватны дом, а ЖКХ, хрушчоўка. Калі немцы запрашаюць, заўсёды ежджу на Эльбу. Той малодшы лейтэнант амэрыканскі, зь якім я абдымаўся на Эльбе, ужо памёр.

Іх раней прыяжджала па 20 чалавек на сустрэчу. А гэтым разам прыехалі тры чалавекі толькі. Усе памерлі. Яны ўсё старыя. Аднак яны людзі заможныя, прыяжджаюць за свае сродкі з Амэрыкі ў Нямеччыну. А мы толькі за нямецкія грошы. Нам аплачваюць самалёт, пражываньне, харчаваньне. Я так разумею, немцы дапамагаюць нам, бо ўдзячныя нашаму народу і Чырвонай Арміі”.

Датэлефанаваліся мы і ў нямецкі Торгаў і гутарылі непасрэдна з аўтарам артыкулу Франкам Леманам:

(Леман: ) “Магу засьведчыць, выплата грошай – гэта ўжо вырашанае пытаньне. Пра гэта ўжо заявіла наш бургамайстарка. Грошы паступяць у жніўні. У памеры 1200 эўра альбо гадавой пэнсіі. Хацелася б, каб гэты годны чалавек крыху парадаваўся пры канцы свайго жыцьця. Я сам ведаю спадара Сільвашку. Сустракаўся зь ім тут у Торгаў. Калі я бачыў яго апошнім разам – год таму, мне падалося, што ён вельмі бадзёры духам. Ён выглядаў значна лепшым за амэрыканцаў, якія прыбылі ў Торгаў. Сільвашка нават называў іх старымі. У параўнаньні зь ім тыя выглядалі значна горш, чым ён. Гэта я магу пацьвердзіць”.
XS
SM
MD
LG