Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску дызайнэры прадэманструюць моднае адзеньне... для сабак


Браніслава Станкевіч, Віцебск Вядомы конкурс дызайнэраў адзеньня і мадэльных агенцый, які летась не адбыўся з прычыны адсутнасьці фінансаваньня, сёлета зноў праводзіцца ў Віцебску. Ён праходзіць з 26-га па 29-га траўня ў Культурна-дзелавым цэнтры акцыянэрнага таварыства “КІМ”.

Сапраўднай “разынкай” сёлетняга конкурсу, на якім мяркуецца паказаць 120 калекцый моднага адзеньня ў шасьці намінацыях, арганізатары лічаць заўтрашні паказ “Fashion dog”. У гэтай намінацыі будзе прадстаўлена 23 калекцый “ад куцюр”.

Для таго, каб прадэманстраваць узоры сабачае моды, у Культурна-дзелавы цэнтар прывялі сваіх гадаванцаў тутэйшыя супрацоўнікі, а таксама ўдзельнікі віцебскіх мадэльных агенцый. Такім чынам сабралася рознаўзроставая “сабачая кампанія” з прадстаўнікоў розных парод, якая возьме ўдзел у конкурсе мадэльераў разам з шасьцю “чалавечымі” агенцыямі зь Віцебску, Полацку, Магілеву і Менску, якія будуць дэманстраваць пераважна жаночае адзеньне.

"Пасьпяховай жанчыне мусіць спадарожнічаць і дагледжаны чыстапародны сабака" – прыкладна так фармулююць дэвіз намінацыі “Fashion dog” арганізатары конкурсу.

Такім чынам цяпер пасьпяховыя жанчыны, дый мужчыны разам зь іхнымі дзецьмі могуць нагледзець у часе паказаў “Белае амфары” ня толькі ўборы для сябе, але й для сваіх гадаванцаў.

Астатніх наведнікаў, якія на паказы ня трапяць з прычыны адсутнасьці білетаў, грошай ці пэрспэктыў на “пасьпяховасьць”, арганізатары конкурсу запрашаюць на выязны кірмаш беларускіх вытворцаў, якія прадаюць швейныя вырабы беларускай лёгкай прамысловасьці проста ў фае Культурна-дзелавога цэнтру. Дарэчы, ахвотных купіць што-небудзь не “ад куцюр” вельмі шмат, бо продаж ідзе без крамных нацэнак. Для сабак, праўда, не прадаецца нічога.
XS
SM
MD
LG