Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Севярынец прэзэнтаваў “Нацыянальную ідэю”


Галіна Абакунчык, Менск У менскай штаб-кватэры Беларускага народнага фронту адбылася прэзэнтацыя кнігі “Нацыянальная ідэя” альбо “Фэнамэналёгія Беларусі”. Аўтарам выданьня ёсьць апазыцыйны палітык Павал Севярынец. Гэта трэцяя творчая праца спадара Севярынца: раней сьвет пабачылі кнігі "Ды-джэі Адраджэньня" й "Пакаленьне “Маладога фронту”".

Актавая заля сядзібы БНФ ледзьве зьмясьціла ўсіх ахвочых папрысутнічаць на прэзэнтацыі, а гэта сёньня здараецца ня так часта. Па-другое, акрамя маладзёнаў з шэрагу паплечнікаў спадара Севярынца, на імпрэзу прыйшлі такія вядомыя людзі, як акадэмік Аляксандр Вайтовіч, Радзім Гарэцкі, літаратар Адам Глёбус, Ніл Гілевіч, гісторык Анатоль Грыцкевіч, палітык Вячаслаў Сіўчык і іншыя.

Кніга “Нацыянальная ідэя” уяўляе сабой зборнік эсэ зь сямі разьдзелаў, у якіх апісаныя самыя найвыбітнейшыя зьявы ў Беларусі. Да прыкладу, у галіне гісторыі гэта – Беларуская Народная Рэспубліка, у культуры – гурт “НРМ”, у гаспадарцы – “Беларуськалій”. І такіх апісана – 200 фэномэнаў. Кожны зьява ўнікальная ня толькі ў Беларусі, але і ў сьвеце і кожная утрымлівае нацыянальную ідэю – кажа Павал Севярынец. А пра мэту напісаньня сваёй кнігі спадар Севярынец выказаўся гэтак:

(Севярынец: ) “Галоўнай ідэяй гэтай кнігі была патрэба вылучыць тую духовую субстанцыю, якая прымушае беларусаў любіць сваю краіну, ахвяравацца й змагацца за яе. І гэтая субстанцыя, на мой погляд, можа быць выказаная наступнымі словамі: беларуская ідэя – ўнікальна хрысьціянская ідэя. І беларусы вельмі хрысьціянскі народ. Тады, калі яны вераць у Бога, яны ўздымаюцца. Калі яны ад Бога адпадаюць, яны занепадаюць як народ, як нацыя. Аналіз кожнага з гэтых двухсот фэномэнаў толькі пацьвярджае гэтую тэзу”.

Нацыянальная ідэя – гэта тая зьява, над пошукам якой “білася” не адно пакаленьне беларусаў. Наколькі ўдалым быў пошук у спадара Севярынца? Гэткае пытаньне я задала вядомаму гісторыку Анатолю Грыцкевічу, які выступіў кансультантам у часе напісаньня кнігі.

(Грыцкевіч: ) “Я лічу, што ўсе, хто спалучаюць нацыянальную і рэлігійную ідэю, духоўныя каштоўнасьці, гэта якраз тыя людзі, якія павінны павесьці ў будучыню. І ў гэтым сэнсе Павал Севярынец – гэта лідэр будучыні й прычым будучыні недалёкай”.

Што тычыцца найбліжэйшай будучыні, то спадар Сэвярынец намерваецца асабіста прысутнічаць на прэзэнтацыі сваёй кнігі ў дванаццаці гарадах Беларусі. Але ў тым выпадку, калі ня будзе зьняволены, паколькі сёньня чакаецца судовае рашэньне ў крымінальнай справе супраць яго за, нібыта, арганізацыю сэрыі акцыі пратэстаў супраць вынікаў рэфэрэндуму.
XS
SM
MD
LG