Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На менскі рэфэрэндум аб перайменаваньні вуліц прапануюць чатыры пытаньні


Валер Каліноўскі, Менск Сёньня адбылося другое паседжаньне грамадзкага аргкамітэту ў справе правядзеньня менскага гарадзкога рэфэрэндуму дзеля перайменаваньня А.Лукашэнкам цэнтральных праспэктаў і вуліц беларускай сталіцы. На сустрэчы разглядаліся праекты дакумэнтаў, якія будуць накіроўвацца ў Менскі гарвыканкам для прызначэньня рэфэрэндуму.

На сёньняшнім паседжаньні аргкамітэту ў справе правядзеньня менскага рэфэрэндуму прысутнічалі пераважна юрысты. Яны падрыхтавалі праекты пратаколу сходу ініцыятыўнай групы, заяваў яе сябраў і звароту ў гарвыканкам. Сход ініцыятыўнай групы мяркуецца правесьці 13 чэрвеня ў памяшканьні, якое павінны даць гарадзкія ўлады.

У праектах гэтых дакумэнтаў прапанавана на менскі гарадзкі рэфэрэндум вынесьці чатыры пытаньні. Першае зь іх гучыць наступным чынам: “Ці лічыце вы неабходным вярнуць ранейшую назву праспэкту Ф.Скарыны, які ў адпаведнасьці з указам прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 траўня 2005 году за нумарам 216 быў перайменаваны ў праспэкт Незалежнасьці?” Астатнія тры пытаньні датычацца адпаведна праспэкту Машэрава, Старабарысаўскага тракту ды вуліц Варвашэні, Ерусалімскай і Дразда (апошнія тры разам былі перайменаваныя А.Лукашэнкам у новы праспэкт Машэрава).

Кіраўнік аргкамітэту Сяргей Альфер неабходнасьць чатырох пытаньняў на рэфэрэндуме патлумачыў юрыдычнымі патрабаваньнямі, каб пытаньні, што выносяцца на ўсенароднае абмеркаваньне, былі яснымі і адназначнымі. Зь іншага боку, гэта патрэбна і для зручнасьці выбаршчыкаў, зазначыў спадар Альфер:

(Альфер: ) “Мы на чатыры пытаньні пайшлі, хоць іх, можа, трошкі цяжэй чытаць, але юрыдычна яны больш бездакорныя. З другога боку, мы таксама ўлічвалі і меркаваньні грамадзян. Менчукі ўвогуле абураныя, што, не спытаўшы іх, перайменавалі гэтыя вуліцы. Тым ня менш, кожны чалавек мае сваё меркаваньне, хтосьці, напрыклад, дрэнна адносіцца да Машэрава і не хацеў бы бачыць яго імя на на мапе гораду Менску”.

Паводле спадара Альфера, нягледзячы на тое, што ў краіне праводзіліся ажно тры рэфэрэндумы, ніводзін зь іх ня быў ініцыяваны грамадзянамі, таму пэўныя юрыдычныя складанасьці магчымыя, у сувязі з чым давядзецца рабіць запыты ў ЦВК. Аднак праблема не ў заканадаўчым рэгуляваньні, а ў жаданьні ўлады прызначыць мясцовы плебісцыт.

(Альфер: ) “Самае складанае — не арганізаваць ініцыятыўную групу ці сабраць подпісы грамадзянаў, а прызначыць рэфэрэндум. Таму што прызначае рэфэрэндум улада”.

Сяргей Альфер ад імя аргкамітэту запрасіў на паседжаньне ініцыятыўнай групы прадстаўнікоў менскіх гарадзкіх уладаў. Паводле ягоных словаў, да ініцыятывы на гэты момант далучылася больш за дваццаць партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG