Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У інтэрнэце найчасьцей шукаюць мужоў дзяўчыны з Гомелю


Казімер Яноўскі, Гомель Амэрыканскі ўнівэрсытэт Род-Айлэнд дасьледаваў інфармацыю наконт паслугаў 219 шлюбных агенцтваў, якія ўтрымлівалі зьвесткі амаль пра 120 тысяч жанчын зь пятнаццаці краінаў былога СССР. Зь Беларусі рэклямавалася амаль 13 тысяч асобаў жаночага полу, найбольш з Гомельскай вобласьці — 4905 жанчын. На гэтыя лічбы спасылаюцца і нацыянальныя каардынатары праграмы “Ля Страда”. Што вымушае гомельскіх жанчын шукаць шчасьця за мяжою?

Сярод маіх знаёмых ёсьць асобы, якія праз шлюбныя агенцыі і Інтэрнэт выехалі за мяжу дзеля замужжа. У іх ліку і калега, журналістка Ірына Макавецкая. У траўні яна пабралася шлюбам з грамадзянінам Нямеччыны з-пад Кёльну Крыстафам Функе. А знаёмства пры пасярэдніцтве шлюбнай агенцыі завязалася менавіта праз Інтэрнэт:

(Макавецкая: ) “На просты спосаб знаёмства ў транспарце мне ня шчасьціла. Таму я вырашыла паспрабаваць сучасны спосаб знаёмства, праз Інтэрнэт. І ў выніку — шлюб”.

Інтэрнэтныя знаёмствы нярэдка прыносяць сюрпрызы, і дзяўчатам, як лічыць Ірына, варта быць разборлівымі:

(Макавецкая: ) “Усё залежыць ад дзяўчыны. Напрыклад, мне адзін амэрыканец даслаў свой фатаздымак з прывязанай да нагі лялькай Барбі. Я такому чалавеку ня стала адказваць. Ужо відаць, як ён будзе ставіцца да жанчыны”.

Я ня мог не спытаць спадарыню Ірыну, чаму яна ды многія іншыя гомельскія дзяўчаты шукаюць шчасьця за мяжою:

(Макавецкая: ) “Імкнуцца, каб атрымаць нейкія новыя ўражаньні ад мужчын зь іншых краінаў. Нашы беларускія мужчыны, на жаль, развучыліся прыгожа, натхнёна заляцацца да нашых жанчын. Гэта першая прычына. Другая — мужчына, які зарабляе грошы ў Эўропе, ён можа шмат чаго паказаць жанчыне”.

Іншыя маладыя асобы на пытаньне, што прываблівае беларусак за мяжою, адказвалі наступным чынам:

(Дзяўчына: ) “Цяжкае матэрыяльнае становішча штурхае дзяўчат выходзіць замуж за мяжу”.

(Дзяўчына: ) “Многія хлопцы маюць вялікія заганы — п’юць, кураць, матэрыяльнага дабрабыту ня могуць забясьпечыць, таму мы і едзем за мяжу”.

(Дзяўчына: ) “Усялякія прычыны бываюць — хтосьці едзе дзеля грошай, хтосьці з прычыны каханьня”.

(Дзяўчына: ) “Імкнуцца атрымаць сабе лепшую працу”.

(Дзяўчына: ) “Я лічу, што экалёгія ўсё ж такі ўплывае на тое, што дзяўчаты едуць за мяжу, бо там іншыя стандарты, абслугоўваньне лепшае. Узровень жыцьця там лепшы”.

(Дзяўчына: ) “Нашы беларускія дзяўчаты едуць за мяжу, бо яны жадаюць знайсьці там больш прыдатнага жаніха, які можа забясьпечыць добрае будучае”.

Паводле зьвестак амэрыканскага ўнівэрсытэту Род-Айлэнд, найбольш папулярнымі краінамі для беларускіх жанчын зьяўляюцца Нямеччына, Расея, Вялікая Брытанія, ЗША, Італія. Уся геаграфія ахоплівае 76 краін, у тым ліку і такія, як Лібія, Буркіна-Фасо, Малі, Пэру.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG