Лінкі ўнівэрсальнага доступу

16-гадовы хлопец далучыўся да галадоўнікаў у Жодзіне


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць У Жодзіне павялічылася колькасьць галадоўнікаў. Да Зьмітра Чарткова, Аляксандра Вінаградава, Яўгена Валкаўца і Сержука Мурашкі, якія трымаюць галадоўку ад 25 траўня, сёньня далучыліся Павал Каранюхін і Сяржук Марчык.

Гаворыць Павал Каранюхін, 16-гадовы жыхар Жодзіна:

(Карэнюхін: ) “Сёньня я далучаюся да акцыі, з той прычыны, што мяне таксама адлічылі. За тое, што я браў удзел у акцыях і займаўся гэтай дзейнасьцю”.

Як патлумачыў Павал Каранюхін, да нядаўняга часу ён навучаўся ў спартовай школе алімпійскай рэзэрвы, што месьціцца ў Лагойскім раёне. Яго ўзялі на навучаньне як пэрспэктыўнага лыжніка. Жодзінскі юнак выступаў на раённых і абласных спаборніцтвах.

Аднак, паводле Паўла, як толькі школьнае начальства паінфармавалі пра ягоную сувязь з дэмакратычнай моладзьдзю, юнага лыжніка тут жа прызналі беспэрспэктыўным спартоўцам.

Гаворыць яшчэ адзін новы ўдзельнік галадоўкі пратэсту Сяржук Марчык:

(Марчык: ) “Я прыехаў з Баранавічаў. Я ўзначальваю ў Баранавічах суполку “Маладога фронту”. Прыехаў для таго, каб падтрымаць сваіх сяброў у Жодзіне. Таму што тое, што адбываецца ў нашай краіне, дзеяньне рэжыму — гэта жудасна. І ўся моладзь павінна аб’яднацца. Каб супрацьстаяць. І адзінае выйсьце мы знайшлі — гэта ўсё ж такі галадоўка”.

Што тычыцца галадоўнікаў, якія распачалі пратэст два дні таму, то яны працягваюць браць удзел у акцыі. На здароўе пакуль ня скардзяцца, аднак пачуцьцё голаду ўжо пасьпелі адчуць.

Паводле лідэра жодзінскай суполкі “Маладога фронту” Паўла Красоўскага, у горадзе пачаўся збор подпісаў у падтрымку патрабаваньняў удзельнікаў акцыі:

(Красоўскі: ) “За гадзіну зьбіраецца каля двухсот подпісаў. Народ, моладзь падпісваецца вельмі актыўна. Нават чэргі выстройваецца. Мы плянуем прадоўжыць збор подпісаў і затым зьвярнуцца ў гарвыканкам яшчэ раз. Трэці раз”.

У Жодзінскім гарвыканкаме пра акцыю моладзевых актывістаў ведаюць. Аднак, паводле кіраўніцы ідэалягічнага аддзелу Аксаны Грышкевіч, мясцовыя ўлады ня маюць дачыненьня да іх праблемаў:

(Грышкевіч: ) “Гарвыканкам зробіць усё, што ад яго залежыць. Але паверце мне: гарвыканкам хлопцаў не адлічаў. І нічога не зрабіў дзеля таго, каб іх адлічылі. Адлічвае дырэктар, рэктар і гэтак далей. І ўзнаўляе таксама ён. А тое, што пішацца і друкуецца нашымі страйкоўцамі, — амаль хлусьня”.

У Беларусі цягам апошняга дзесяцігодзьдзя галадоўку як форму пратэсту неаднаразова выкарыстоўвалі прадстаўнікі палітычных і грамадзкіх арганізацыяў, прадпрымальнікі, журналісты, рабочыя, шараговыя грамадзяне. Сярод тых, хто галадаваў, такія асобы як зьніклы дзяяч Віктар Ганчар, апазыцыйныя палітыкі Юры Хадыка, Мікола Статкевіч, Вячаслаў Сіўчык, Валеры Фралоў, Сяргей Скрабец, Уладзімір Парфяновіч, бізнэсовец Мікалай Аўтуховіч, рабочыя недзяржаўнага прадпрыемства “ЮКІ”, рэдактар недзяржаўнай “Местной газеты” Андрэй Шантаровіч і іншыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG