Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь на "Славянскім базары" будзе прадстаўляць Гюнэш Абазава


Юлія Шарова, Менск Агляд сёньняшняй незалежнай прэсы.

Міністар спорту й турызму Юры Сівакоў раззлаваўся на сваіх падначаленых. Прычынай гэтага стала цэлая сэрыя допінгавых праколаў, пра якія цяпер шмат гавораць – такое меркаваньне выказвае сёньняшняя "БДГ". Так, на пачатку тыдня міністар зрабіў вымову кіраўніку Рэспубліканскага цэнтру спартовай мэдыцыны Яўгену Ласіцкаму й вынес папярэджаньні сваім памочнікам.

Доктара Айбаліта прымусілі зьняць капялюшык, піша “Витебский курьер”. Нядаўна старшыня Кастрычніцкага раённага аддзяленьня Чырвонага крыжа Міхаіл Гусачэнка судзіўся з адной зь віцебскіх камэрцыйных аптэк. Ён патрабаваў, каб зь лялькі доктара Айбаліта зьнялі капялюшык з чырвоным крыжыкам – гэта эмблема міжнароднай арганізацыі й выкарыстоўваць яе без дазволу нельга. Спадар Гусачэнка выйграў. І цяпер распачаў “крыжовы паход” супраць усіх віцебскіх аптэкаў, якія працягваюць выкарыстоўваць гэтую эмблему.

Таксама ў “Витебском курьере” можна прачытаць пра тое, што ў Віцебску значна абмежавалі час працы шэрагу начных клюбаў. Цяпер яны павінны зачыняцца да 23 гадзіны. Падставай для такога рашэньня мясцовых уладаў сталі быццам бы скаргі грамадзянаў, хадайніцтвы раённых адміністрацыяў ды сілавых структураў. У выніку некаторыя з начных клюбаў знаходзяцца на мяжы банкруцтва – прыбыткі зьнізіліся, частку пэрсаналу трэба звальняць.

Карэспандэнты “Камсамолкі” напярэдадні прайшліся з дазымэтрам па Менску й абзванілі дзіцячыя садкі сталіцы. Падставай для гэтага сталіся чуткі пра новы радыяцыйны выкід на Чарнобыльскай станцыі ці ў Расеі. У рэдакцыю газэты патэлефанавала шмат занепакоеных чытачоў. Намесьнік галоўнага санітарнага лекара Менску Віктар Чалноў кажа, што ніякіх адхіленьняў ад нормы ва ўзроўні радыяцыйнага фону пакуль не было.

Сьпявачка Гюнэш Абазава будзе прадстаўляць Беларусь сёлета на “Славянскім базары” – пра гэта таксама піша “Камсамолка”. Гюнэш – сьпявачка азэрбайджанска-турэцкага паходжаньня, яна ведае дзьве рэдкія мовы, ніводнага разу не каштавала сьвініну, ня п''е нават піва. А на сцэне “Славянскага базару” яна зьявіцца ў ірваных джынсах і зь пірсынгам на носе.
XS
SM
MD
LG