Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лябедзька: “У 2006 выбараў ня будзе – мы арыентуемся на вуліцу"


Юры Сьвірко, Кіеў Анатоль Лябедзька, як стала вядома Радыё Свабода, абмяркоўваў у Кіеве пытаньні арганізацыі Украінска-беларускага цэнтру, які б займаўся ўмацаваньнем сувязяў Украіны зь беларускай дэмакратычнай апазыцыяй.

Спадар Лябедзька адмаўляецца пакуль паведамляць падрабязнасьці, але мажліва, што гэты цэнтар будзе спрыяць стварэньню ва Ўкраіне масавых мэдыяў, разьлічаных на беларускую аўдыторыю. Лідэр АГП у інтэрвію беларускай Свабодзе сказаў:

(Лябедзька: ) “Два гады таму мы не маглі ўявіць сабе сытуацыю, каб дэмакратычная апазыцыя на постсавецкай прасторы мела камунікацыі з прадстаўнікамі выканаўчай улады. Зараз сытуацыя зьмянілася. Я гэта сьведчу пасьля сваёй паездкі ў Грузію. І Грузія, і Ўкраіна – гэта якраз тыя прыклады, калі мы можам адчыняць дзьверы на ўзроўні ўлады й супрацоўнічаць з уладай. Гэта даволі высокі ўзровень, канкрэтная размова пра канкрэтныя накірункі супрацоўніцтва”.

(Карэспандэнт: ) “З прадстаўнікамі ўкраінскай улады?”

(Лябедзька: ) “Улады, так”.

На прэсавай канфэрэнцыі ў Кіеве Анатоль Лябедзька паведаміў, што дамовіўся з урадам Крыму пра арганізацыю адпачынку для сем’яў беларускіх палітвязьняў і зьніклых.

Але на пытаньне Радыё Свабода, ці будуць адпачываць сёлета на крымскіх пляжах старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына, міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў ды іншыя беларускія чыноўнікі, якім забаронены ўезд ня толькі ў Эўразьвяз, але й Баўгарыю, Румынію, Турэччыну, спадар Лябедзька адказаў гэтак:

(Лябедзька: ) “Мы не выключаем кропкавых абмежаваньняў у адносінах да чыноўнікаў, якія асабліва адзначыліся й нясуць адказнасьць за выкраданьне й забойствы людзей у Беларусі, за фальсыфікацыю выбару мільёнаў”.

А на пытаньне, ці адбудзецца ў Беларусі свая рэвалюцыя ў 2006 годзе, Анатоль Лябедзька даў такі адказ: “Выбараў ня будзе – мы арыентуемся на вуліцу. Паўторыцца не Ўзбэкістан, а Кіеў”.
XS
SM
MD
LG