Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар юстыцыі заяўляе: "Зьезд Саюзу палякаў быў нелегітымным, гэта наша канчатковае рашэньне!"


БелаПАН, Інтерфакс "Тое, што шосты зьезд Саюзу палякаў Беларусі (СПБ) нелегітымны – гэта наша канчатковае рашэньне". Пра гэта заявіў сёньня міністар юстыцыі Віктар Галаванаў.

Паводле яго, Мін''юст правёў дадатковую праверку зьезду СПБ, што прайшоў 12-13 красавіка ў Гародні. "І ўсё адно мы лічым, што там было вельмі шмат парушэньняў і, перш за ўсё, ня столькі заканадаўства, колькі іх уласнага статуту" – сказаў міністар.

Ён падкрэсьліў, што парушэньні былі дапушчаныя пры вылучэньні дэлегатаў на зьезд. У прыватнасьці, многія структуры арганізацыі, якія вылучалі прадстаўнікоў на зьезд, не зарэгістраваныя ў органах юстыцыі. Апрача таго, паводле спадара Галаванава парушэньні статуту былі зафіксаваныя і падчас самога правядзеньня зьезду: ня быў сфарміраваны парадак дня зьезду, не вызначаны той, хто будзе яго праводзіць, а таксама мела месца "ўмяшаньне пабочных асобаў у працу зьезду", сказаў Віктар Галаванаў.

Ён нагадаў, што міністэрства "прапанавала СПБ правесьці ў двухтыднёвы тэрмін паўторны зьезд”. “Калі яны ўпэўнены ў новым кіраўніцтве, хай паўтораць свой выбар. Нам ўсё роўна, каго абяруць” – сказаў Віктар Галаванаў. Міністар зазначыў, што Мін''юст "яшчэ крыху пачакае", а потым вынясе Саюзу палякаў на Беларусі пісьмовае папярэджаньне.

"Потым, у адпаведнасьці з заканадаўствам, мы зьвернемся ў Вярхоўны суд аб ліквідацыі гэтага грамадзкага аб''яднаньня", – папярэдзіў спадар Галаванаў. У такім выпадку, дадаў ён, СПБ усё роўна давядзецца праводзіць усе арганізацыйныя мерапрыемствы па стварэньні новага грамадзкага аб''яднаньня, у тым ліку і ўстаноўчы зьезд.

Віктар Галаванаў зазначыў, што ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй Беларусі, кожны, хто знаходзіцца на яе тэрыторыі, павінен выконваць заканадаўства. Больш таго, сказаў ён, згодна з рамачнай канвэнцыяй Эўразьвязу, усе нацыянальныя меншасьці абавязаны выконваць законы той дзяржавы, дзе яны знаходзяцца.

"Я наагул не разумею, чаму наконт гэтага ўзьнікла так шмат эмоцыяў. Калі ім не падабаецца рашэньне мін''юсту – у іх ёсьць магчымасьць абскардзіць яго ў судовым парадку, аднак СПБ гэтага ня робіць" – зазначыў міністар юстыцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG