Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пракурор папрасіў даць па 3 гады “хіміі” лідэрам апазыцыі


Любоў Лунёва, Менск Тры гады абмежаваньня волі з адбыцьцём пакараньня на так званай “хіміі” — такое пакараньне папрасіў абвінаваўца для Міколы Статкевіча і Паўла Севярынца. Суд над апазыцыйнымі палітыкамі цягнецца з 23 траўня. Іх абвінавачваюць у арганізацыі вулічных дэманстрацыяў 18 і 19 кастрычніка, у часе якіх нібыта адбываліся масавыя беспарадкі. 24 траўня Міколу Статкевіча арыштавалі на дзесяць сутак за непавагу да суду, бо ён адмовіўся адказваць на пытаньні судзьдзі і ўставаць перад ім. На знак пратэсту апазыцыянэр трымае галадоўку.

Прамову прадстаўніка пракуратуры Вадзіма Пазьняка, які папрасіў пакараць Міколу Статкевіча і Паўла Севярынца абмежаваньнем волі на тры гады, Мікола Статкевіч не пачуў. Яго, як і штодня ад пачатку арышту, прывезьлі ў суд а 10 гадзіне. Ён зноў адмовіўся ўстаць перад судзьдзём Леанідам Ясіновічам, і амонаўцы зноў вывелі яго з судовай залі.

Мікола Статкевіч заявіў Радыё Свабода, што будзе і надалей трымаць галадоўку.

(Статкевіч: ) “Безумоўна, цяпер у мяне пытаюцца адно і тое ж. Але пакуль у Беларусі ня зьявіцца незалежнага суду, мая пазыцыя таксама не зьменіцца. Я працягваю галадоўку, і я галадоўкі спыняць ня буду. Я сваёй пазыцыі не мяняю. Адзінае, чаго мне ўдалося дамагчыся: хворага на дызэнтэрыю чалавека, які знаходзіўся ў маёй камэры, адправілі ў шпіталь. Я сваёй пазыцыі не мяняю. Калі мне судзьдзя скажа, што ў гэтай краіне зьявіўся незалежны суд, то я спыню галадоўку. Але гэта нерэальна”.

Павал Севярынец спакойна ўспрыняў прамову прадстаўніка пракуратуры. Тры гады “хіміі” ня сталі для Паўла нечаканасьцю. Вось як ён пракамэнтаваў гэта Радыё Свабода:

(Севярынец: ) “Тры гады “хіміі”, гэта адначасова і спроба прынізіць, і спроба нэўтралізаваць перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2006 году як Статкевіча, так і мяне. Але стаўлюся да гэтага спакойна. Турбуе мяне суд Божы, а не чалавечы. Тым больш ня суд гэтай улады. Таму, які б прысуд ні быў, захаваем маральную гатоўнасьць да ўсіх магчымых складанасьцяў, з гэтым зьвязаных. Але ж хацеў бы зазначыць: падчас судовага разгляду гэтай справы стала відавочна, што крымінальная справа развальваецца. Пракурор пачаў адмаўляцца ад кавалкаў абвінавачаньня, казаць: “Ну, ня цяжкае злачынства. Цяжка патрабаваць зьняволеньня”. Па ўсіх яго паводзінах было відаць, што ён шкадуе аб тым, што не ўдалося знайсьці крыміналу ў гэтай справе”.

Павал Севярынец паведаміў Радыё Свабода, што будзе абскарджваць прысуд, які б ён ні быў. Ён запэўніў, што справа дойдзе да міжнародных структураў.

Агалошваньне прысуду адбудзецца 31 траўня. Калі судзьдзя пакарае апазыцыйных палітыкаў так, як папрасіў пракурор, то Мікола Статкевіч і Павал Севярынец на так званай “хіміі” правядуць каля аднаго году. Крымінальную справу супраць іх распачалі да ўвядзеньня амністыі. Таму тэрмін абмежаваньня волі будзе скарочаны.
XS
SM
MD
LG