Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці варта праводзіць рэфэрэндум аб перайменаваньні сталічных вуліцаў і праспэктаў?


Ганна Соусь, Менск Ці варта праводзіць рэфэрэндум наконт перайменаваньня вуліцаў і праспэктаў у Менску? З гэтым пытаньнем нашая карэспандэнтка зьвярнулася да людзей на менскіх вуліцах.

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, калі ласка, як вы лічыце, ці варта праводзіць рэфэрэндум аб перайменаваньні вуліцаў і праспэктаў у Менску?”

(Спадар: ) “На гэта ўлады ня пойдуць, напэўна. Калі ўжо прыняты ўказ, то маю сумнеў… Я б праспэкт Машэрава пакінуў і знайшоў бы недзе іншае месца для праспэктаў Незалежнасьці і Пераможцаў”.

(Спадарыня: ) “Я лічу, што гэта лепш, чым проста браць і пераймяноўваць нашыя вуліцы, бо людзі павінны ведаць, што адбываецца. Вы ведаеце, што шмат людзей павінны мяняць дакумэнты цяпер”.

(Спадар: ) “Ведаеце, складанае пытаньне, таму што рэфэрэндум усё ж каштуе грошай. Можа, гэта і не патрэбна, але пытацца ў народу, чаго ён хоча, канечне, трэба”.

(Спадар: ) “Я толькі за тое, каб назвы гэтых вуліцаў заставаліся. Усе прызвычаіліся да гэтых назваў, гэта добрыя назвы”.

(Спадар: ) “Некаторыя можна памяняць, некаторыя хай застаюцца. Трэба памяняць Кастрычніцкую і падобныя назвы”.

(Спадар: ) “Я думаю, што гэта марнаваньне часу”.

(Спадарыня: ) “Складана сказаць. Гэта каштуе шмат, але калі апраўдана, то, можа, і трэба”.

(Спадарыня: ) “Я і большасьць маіх сяброў ставяцца да гэтага ня вельмі добра. Большасьць людзей звыкліся ўжо з тымі назвамі, якія ёсьць, і таму ня варта пераймяноўваць. Машэраў увекавечыў сваё імя, і ня трэба нічога мяняць”.

(Спадар: ) “Пётар Міронавіч Машэраў — гэта ўсё ж і былы кіраўнік Беларусі, і герой партызанскага руху, таму я супраць перайменаваньня праспэкту Машэрава. А нашто мяняць праспэкт Скарыны, першадрукара? Цэнтральную вуліцу гораду…”

(Спадарыня: ) “Нам жыць у гэтым горадзе, і гэта вельмі добрая ідэя”.

(Спадарыня: ) “Я лічу, што трэба праводзіць рэфэрэндум дзеля таго, каб людзі маглі выказаць свае меркаваньні. На мой погляд, гэтае перайменаваньне не патрэбнае нікому”.
XS
SM
MD
LG