Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сваякі Міхаіла Марыніча спрабуюць вярнуць маёмасьць праз суд


Алег Грузьдзіловіч, Менск У Цэнтральным судзе Менску пачалося слуханьне справы аб маёмасьці Міхаіла Марыніча. Сваякі Міхаіла Марыніча спрабуюць праз суд вярнуць частку маёмасьці, якую апісалі судовыя выканаўцы. Сваякі кажуць, што пацярпелі незаконна, паколькі ня ўся апісаная маёмасьць належала асуджанаму.

Судовыя выканаўцы апісалі ня толькі маёмасьць, якая непасрэдна належыць Міхаілу Марынічу (у прыватнасьці, ягоны загарадны дом), але і кватэру на былым праспэкце Машэрава, дзе жывуць ягоныя сыны і былая жонка. Цяпер ім даводзіцца праз суд даказваць, што ў кватэры знаходзяцца іх рэчы.

Сёньня ў Цэнтральным судзе з дапамогай сьведкаў ішло маруднае разьбіральніцтва адносна апісанай маёмасьці. Сьведка Сяргей распавёў:

(Сяргей: ) “Я падараваў Паўлу Марынічу магнітафон ў 1997 годзе, і мне трэба было даказаць суду, што гэта маёмасьць ёсьць маім падарункам ня бацьку Паўла ці ягонай маці, а менавіта Паўлу Марынічу”.

У кватэры на былым праспэкце Машэрава Міхаіл Марыніч не жыве з 1999 году, калі зьехаў у Латвію працаваць амбасадарам Беларусі. Пазьней Міхаіл Марыніч стварыў новую сям’ю, і хаця не зьмяніў прапіскі, у кватэры на праспэкце Машэрава больш ніколі ня быў. Сваякі Марыніча сьцьвярджаюць, што судовыя выканаўцы добра ведалі гэтыя абставіны, але гэта іх не спыніла. Сыны Марыніча заяўляюць, што фактычна іх пакаралі за дзеяньні, якія тычацца толькі іх бацькі.

На працэсе быў абвешчаны перапынак да 2 чэрвеня. Высьветлілася, што ў справе нават няма прысуду, на падставе якога была апісаная маёмасьць, што месьціцца ў кватэры сваякоў Марыніча.

За апошнія гады канфіскацыя маёмасьці апазыцыянэраў стала гэткім жа распаўсюджаным пакараньнем, як і турэмныя тэрміны. У свой час канфіскоўвалі маёмасьць дэпутатаў Уладзімера Кудзінава і Андрэя Клімава. Нядаўна апісаныя хатнія рэчы апазыцыянэраў Міколы Статкевіча і Марыі Багдановіч. У выпадку зь Міхаілам Марынічам два пакараньні ўжытыя адначасова.

Былы міністар і амбасадар Міхаіл Марыніч быў асуджаны на тры з паловай гады зьняволеньня паводле артыкулу аб крадзяжы маёмасьці. Аднак ён не прызнаў сябе вінаватым і патлумачыў абвінавачаньне сваёй палітычнай дзейнасьцю. Нагадаем, у 2001 годзе Міхаіл Марыніч спрабаваў балятавацца на прэзыдэнта, сышоў у адстаўку і актыўна ўключыўся ў апазыцыйную дзейнасьць. Напярэдадні арышту ў красавіку 2004 году ён не выключаў свайго ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году.
XS
SM
MD
LG