Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наколькі гатовая беларуская сыстэма грамадзянскай абароны да няштатных сытуацыяў?


Іна Студзінская, Менск Кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацыяў атрымалі дакумэнт пад назвай “Аб замацаваньні месцаў разьмяшчэньня ў загараднай зоне на выпадак ўзьнікненьня надзвычайных сытуацыяй і ў асобы пэрыяд”. Сэнс дакумэнта ў тым, што ў вызначаны тэрмін, да 15 жніўня, кіраўніцтва прапрыемства, арганізацыі, установы павінна вывучыць загарадную зону, аформіць і атрымаць ордэр на арэнду будынкаў, памяшканьняў, у якія пры ўзьнікненьні надзвычайнай сытуацыі будуць эвакуяваныя супрацоўнікі і іхныя сем’і.

З чым зьвязаны гэты дакумэнт аб магчымай эвакуацыі насельніцтва, я папрасіла патлумачыць кіраўніка цэнтру прапаганды Міністэрства надзвычайных сытуацыяў Алега Голубева:

(Голубеў: ) “Ідзе плянавая работа, аднаўляюцца пляны прыцягненьня сіл і сродкаў на выпадкі надзвычайных сытуацыяў. Гэта праца паступова ідзе – то бок старыя пляны старэюць, тым больш зараз распрацавана Дзяржаўная сыстэма папярэджваньня надзвычайных сытуацыяў, ёсьць канцэпцыя ўдасканаленьня гэтай сыстэмы, зацьверджаная Указам прэзыдэнта, і там усе гэтыя пытаньні “забітыя” ў плянавым парадку. То бок гэта ні з чым не зьвязанае”.

Але што маецца на ўвазе пад “асобым пэрыядам”. Адзін супрацоўнік Упраўленьня грамадзянскай абароны МНС, які пажадаў не называць сваё прозьвішча, сказаў канкрэтна і адназначна: асобы пэрыяд – гэта вайна альбо ваенны канфлікт. Алег Голубеў з цэнтру прапаганды МНС адказаў больш дыпляматычна:

(Голубеў: ) “Асобы пэрыяд узьнікае ў выпадку пагрозы альбо зьдзяйсьненьня, дапусьцім, тэрарыстычнага акту альбо яшчэ нечага. Калі ёсьць пагроза жыцьцю насельніцтва альбо дзейнасьці прадпрыемстваў, абвяшчаецца асобы пэрыяд”.

Наколькі гатовыя сыстэма грамадзянскай абароны да няштатных сытуацыяў?На гэта маё пытаньне супрацоўнік Упраўленьня грамадзянскай абароны МНС адказаў так:

(Супрацоўнік штабу грамадзянскай абароны: ) “Абарончыя збудаваньні грамадзянскай абароны ўсе гатовы да прыёму насельніцтва. За выключэньнем аднаго: на ўсё насельніцтва краіны ў нас іх не хапае. Таму ў сельскіх раёнах, калі там нешта адбудзецца, будуць выкарыстоўвацца заглыбленыя збудаваньні, склепы… У Менску абарончых збудаваньняў дастаткова. Плюс мэтро. Тры станцыі мэтро можна аднесьці да абарончых збудаваньняў, астатнія станцыі зьяўляюцца толькі процірадыяцыйнымі сховішчамі”.

Супрацоўнік Упраўленьня грамадзянскай абароны ўдакладніў, што прыкладна працэнтаў 60 насельніцтва можна схаваць амаль адразу – паводле нарматываў, цягам 7 гадзін (патрэбна ўсё арганізаваць - каб панікі не было, каб мэдпэрсанал быў падрыхтаваны, забясьпечыць адзеньнем, харчаваньнем…). Астатніх - праз суткі. На маё пытаньне, ці могуць беларусы быць упэўненыя, што ў надзвычайнай сытуацыі яны будуць цалкам абароненыя, што ўсё ў парадку, супрацоўнік Упраўленьня грамадзянскай абароны адказаў так:

(Супрацоўнік Упраўленьня грамадзянскай абароны: ) “Што ўсё ў парадку – я сказаць не магу. Па дакладах і справаздачах 95% – усё нармальна, усё гатова. А 100% даць, што мы ўсіх абаронім… Яшчэ трэба ведаць, якая зброя будзе выкарыстоўвацца, можа, да прыкладу, новыя віды ўзбраеньняў, пра якія мы нават не здагадваемся… Так, мы гатовыя, у нас ёсьць тое, тое і гэтае. Але мы ж глядзім з пазыцыі толькі таго, што мы ведаем…”
XS
SM
MD
LG