Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародныя экспэрты ацанілі прадпрымальніцкі клімат у Беларусі


Міхал Стэльмак, Менск Міжнародная фінансавая карпарацыя завяршыла дасьледаваньне прадпрымальніцкага клімату ў Беларусі за апошні год. Яго вынікі МФК перадала ўраду Беларусі.

Як вынікае з тлумачэньня прадстаўнікоў МФК, яны апыталі 1200 прадстаўнікоў бізнэсу, якія працуюць у сярэдніх і малых прадпрыемствах, а таксама 200 індывідуальных прадпрымальнікаў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Усяго ж у гэтай сфэры занята каля мільёна чалавек – чвэрці працаздольнага насельніцтва краіны. Экспэрты Міжнароднай фінансавай карпарацыі зазначылі, што сям-там назіраецца прагрэс. У прыватнасьці, за апошні год зьменшылася як колькасьць ліцэнзіяў, так і ліцэнзаваных прадпрыемстваў. Разам з тым, нягледзячы на высокую эфэктыўнасьць бізнэс- сэктару, ягоная доля ў Беларусі надзвычай нізкая. Вось што зазначыла на гэты конт намесьніца кіраўніка праекту МФК Вольга Гадунова:

(Гадунова: ) “У параўнаньні з іншымі краінамі гэта на парадак ніжэй. Прыкладам, у Швэцыі доля малога і сярэдняга бізнэсу каля 57 працэнтаў. Ва Узбэкістане – 37 працэнтаў. У Беларусі ўсяго 8,8 працэнта. Больш як 50 працэнтаў прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнэсу лічаць, што ў 2004 годзе умовы для вядзеньня бізнэсу пагоршыліся. Чым гэта выклікана? Паводле нашых ацэнак, тым, што існуе неймаверная колькасьць ненарматыўных прававых актаў, якія рэгулююць гэтыя працэдуры. Мы выявілі больш як 1000 актаў, а дакладна палічыць іх немагчыма. У гэтых актах у 2004 годзе было ўнесена больш як 2000 зьменаў”.

Апытаныя мною дзелавыя людзі падзяляюць высновы міжнародных экспэртаў. Напрыклад, цалкам супадаюць іхныя погляды на працэдуру рэгістрацыі прадпрыемстваў. Каб зарэгістраваць фірму ў Беларусі, трэба зьвярнуцца мінімум у 10 арганізацыяў і падрыхтаваць 13 пакетаў дакумэнтаў. Таму 80 працэнтаў бізнэсоўцаў лічаць працэс рэгістрацыі грувасткім. Ён расьцягваецца, як падлічана, аж на 66 рабочых дзён! Кошт рэгістрацыі, што таксама падлічана, ацэньваецца ў 746 даляраў. Прычым асноўная частка гэтых выдаткаў – больш як 500 даляраў – ідзе на натарыяльнае афармленьне дакумэнтаў. Што тычыцца ўмоваў працы беларускіх бізнэсоўцаў, то вось якім меркаваньнем падзяліўся намесьнік старшыні Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Сяргей Стрэльчык:

(Стрэльчык: ) “Не палепшылася. Бо падатак на даданую вартасьць уведзены. Ён значна пагоршыў умовы дзейнасьці прадпрымальнікаў. Шмат часу займае рэгістрацыя, атрыманьне патрэбных дакумэнтаў. Вось, напрыклад, умовы вядзеньня касы. Трэба шмат дакумэнтаў, каб улічваць наяўныя грошы, якія атрымлівае прадпрымальнік, каб потым здаць у банкаўскую ўстанову. А ўзяць пакараньне, калі прадпрымальнік гандлюе, не маючы адпаведнага сэртыфікату! Да двухкратнай велічыні атрыманай выручкі. Уявіце сабе: напрыклад, прадпрымальнік год гандляваў, нікому не прычыніў ніякай шкоды. Ну няма гэтай паперы, але такі штраф! І атрымліваецца так, што год нечым гандляваў, але аддасі штраф за 2 гады. На мой погляд, жорстка. А вось яшчэ прыклад: парушэньне касавай дысцыпліны. Прадпрымальнік здаў выручку не ў той тэрмін, які яму акрэсьліў банк. Ніякай шкоды дзяржаве ён не прычыніў. 20 працэнтаў выручкі. Канфіскацыя! Пра мытню дык і гаварыць няма аб чым. Ледзь што не так – у даход дзяржавы. Пазыцыя нашага Саюзу і МФК, як я ведаю, заўсёды супадаюць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG