Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сабалі на Гомельшчыне (фотагалерэя)


Ягор Маёрчык, Сабалі, Брагінскі раён, Гомельшчына (эфір 23 траўня) Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.



Адразу і ня скажаш, што вёска Сабалі населеная людзьмі. Я ўжо пракрочыў 500 мэтраў і не сустрэў ня тое што людзей, не пабачыў ніводнай ацалелай хаты. Рэшткі збудаваньняў праглядаюць праз кустоўе і сьцяну быльнёгу. Буду рухацца далей.

Сабалі адносяцца да зоны ўмоўнага адсяленьня. Што гэта значыць? Ад пачатку вёску не эвакуявалі. Але пасьля людзям загадалі пакінуць родныя хаты. Праўда, затым, ім прапанавалі вярнуцца. Аднак на апошні заклік адгукнуліся далёка ня ўсе. Тубыльцы нават ня ведаюць, колькі іх ў паселішчы засталося. Адказваюць няўпэўнена: “некалькі дзясяткаў”.

Ніну Ліжэнку я бачу здалёк. Клічу яе. Замест таго, каб спыніцца, яна на хуткасьці, максымальнай для чалавека з двума інсультамі, тупае за браму ўласнай сядзібы. Першыя словы адно аднаму мы кажам праз плот. І толькі калі спадарыня ўпэўніваецца, што нічога ёй не пагражае, выходзіць і сядае на лаўку.



(Ліжэнка: ) “За Менскам былі, у Радашкавічах”.

(Карэспандэнт: ) “І чаму вам там не спадабалася?”

(Ліжэнка: ) “Дома лепей: свая зямля, свае людзі. А там усё чужое. Я яшчэ здаровая была... аднаго разу пайшла ў краму. Тады цукру давалі па паўкіляграма. Я пайшла заняла чаргу. Была мо трэцяй ці чацьвертай. А калі прыйшоў час браць цукар, іх панаходзіла. І кожны некаму яшчэ займаў. Я так пастаяла і пайшла. І так хадзіла дні тры. Не ўзяла цукру і расплакалася”.

(Карэспандэнт: ) “Чаму яна да вас так ставіліся?”

(Ліжэнка: ) “Нас там ненавідзелі. Нас там ня надта шанавалі. А ўсё ад таго, што праз нашае перасяленьне ім багата каму кватэраў не падавалі. Нам падавалі іхныя месцы ў чарзе. Вось так нам добра было жыць на чужой старане”.

(Карэспандэнт: ) “Я разумею, што радыяцыя на зубах не трашчыць, але жыць тут ня страшна?”

(Ліжэнка: ) “Баяцца трэба не радыяцыі, баяцца трэба людзей. Я лягаю спаць і баюся, што п’яны нейкі заваліцца. Я баюся быць адна”.



Яшчэ адна жыхарка Сабалёў — баба Люба. Пэнсіянэрка баіцца ўласных словаў. Турбуецца, каб не сказаць чаго лішняга. Для вандроўніка, які дасьледуе жыцьцё забруджанай вёскі, яна сапраўдная знаходка. Ведае ўсё і пра ўсіх, што тычыцца жыцьця да 1986 году. Сабалі пакідала зь ліку апошніх. А таму можна распавесьці шмат пра першыя пасьлячарнобыльскія дні і месяцы.



(Карэспандэнт: ) “Была ў вас крама. А чаму яе цяпер няма?”

(Люба: ) “Яе зачынілі. Тая дзяўчынка, што працавала, перавялася некуды ў Брагін. А паставілі такіх дзьвюх... Хворых на галаву. Уся моладзь цяперашняя такая хворая”.

(Карэспандэнт: ) “А што за хвароба?”

(Люба: ) “Вы ведаеце, якая цяпер хвароба!”

(Карэспандэнт: ) “СНІД?”

(Люба: ) “Не. Гарэлка. Адна пагандлявала тры дні. І тут ім прывезьлі віно. Яна напілася і ў лаўцы заначавала. Тады паставілі другую. І тая тры дні пратрымалася. Таму краму і зачынілі. Чорт яго ведае, што гэта за хвароба. У нас калісь адна старая баба казала: “Мае дзеткі, будзе ва ўсіх адна нявеста зь белаю галавою. І ўсё будуць яе любіць”. А я гадала, што гэта за нявеста? Гэта нявестка — гарэлка!”

(Карэспандэнт: ) “А вы памятаеце 1986 год, калі на Чарнобылі была аварыя?”

(Люба: ) Ой! Мы гэтую вуліцу выскрабалі ды на машыны скарб грузілі. Зямлю зразалі і хаты мылі. Машыны прыяжджалі і нейкім парашком усё абмывалі. Адным словам, радыяцыю тады прагналі. Мая малая ўнучка прыяжджала ды казала: “Бабуля, мне казалі, што тут радыяцыя. Я на гарод хадзіла, нідзе яе не знайшла”. А нам за ўсё нават статусу ліквідатараў не далі! Начальства пабрала ўсё сабе. І жонак зь дзецьмі ліквідатарамі аформілі. Толькі ня ведаю, ці ўнукі іхныя таксама ліквідатары”.

(Карэспандэнт: ) “А вы спрабавалі дамагчыся статусу ліквідатара?”

(Люба: ) “Мне сказалі, што ўжо не атрымаецца. Мабыць, начальнікі былі больш хворыя”.

(Карэспандэнт: ) “Але яны тут зямлю ня мылі”.

(Люба: ) “Дарма што! Яны за нас хваляваліся. І жонкі іхныя за нас журыліся. А цяпер усё сталі інвалідамі Чарнобылю! І чаго на іх тая хвароба напала?”

(Карэспандэнт: ) “Ня крыўдна?”

(Люба: ) “Крыху. Але дзякуй Богу за пэнсію”.

(Карэспандэнт: ) “Вы першая пэнсіянэрка, якая падзякавала Богу. Звычайна людзі дзякуюць Лукашэнку”.

(Люба: ) “Богу дзякуй, што над намі яшчэ зьмілаваўся”.

Каб перавесьці крыўду бабы Любы ў абсалютныя лічбы, зьвяртаюся да дзеда Пятра. Да пэнсіі ў тутэйшым калгасе ён кіраваў цэлай брыгадай мэханізатараў. Пасьля аварыі стаў на чале ўжо іншага злучэньня — дэзактыватараў. Камандзіраваныя ў Брагінскі раён Гомельшчыны трактарысты рабілі глыбокае пераворваньне земляў. Іншымі словамі, чарнобыльскі попел, што сыпаўся зь неба, яны хавалі пад мэтрам глебы. Дзед Пятро — ліквідатар.



(Пятро: ) “У пасьведчаньні ліквідатара ёсьць 18-ты артыкул, а ёсьць 19-ты. Хто мае 19-ты, тыя проста ліквідатары. А 18-ты артыкул ва ўсіх начальнікаў. Ад таго ў мяне пэнсія 230 тысяч, а яны па 700 атрымліваюць”.



Я знаходжуся ля жылой хаты. Па іншы бок вельмі моцна брэшуць сабакі, яны з валкадаваў і настроеныя надта агрэсіўна. На сьцяне дому шыльда “Сабалёўская пачатковая школа”. Побач укапаны слуп. На ім знак з надпісам “Радыяактыўнасьць”. Мясцовыя жыхары кажуць, што школы ў Сабалях даўно няма. А гэтае памяшканьне заняў чалавек і перарабіў яго на ўласны дом. У паўзакінутых вёсках трэба арыентавацца не паводле вонкавага выгляду хатаў, а паводле гукаў. Гукі сякеры разносяцца па навакольлі. На сваім падворку сячэ дровы Ўладзімер Крок. Робіць ён гэта хутка і лёгка. Назіраючы за тым, як калоды пераўтвараюцца ў паленцы, ніколі не падумаеш, што дзед гэты наракае на здароўе.



(Крок: ) “З гадамі прыходзіць слабасьць. Мне ўжо 74 гады. Якое тут можа быць здароўе? Людзі ў такія гады паміраюць, а я яшчэ дровы рубаю”.

(Карэспандэнт: ) “Паміраць яшчэ ж рана...”

(Крок: ) “Рана, позна... А калі сьмерць прыйдзе і скажа, круці ні круці, а паміраць прыйдзецца”.

(Карэспандэнт: ) “А ў вас тут лічыцца чыстая зона”.

(Крок: ) “Так”.

(Карэспандэнт: ) “А я ішоў і бачыў знак радыяактыўнасьці...”

(Крок: ) “Напісаць можна багата чаго. Мы жывём, і нічога нам ня робіцца. А я радыяцыю ня мераў, і ня ведаю, ёсьць яна тут ці не”.

(Карэспандэнт: ) “Да вас мэдыкі прыяжджалі? Абсьледавалі?”

(Крок: ) “Ніхто да нас ня езьдзіць, ніхто нас не глядзіць. Яны і памяць пра нас ня маюць”.

(Карэспандэнт: ) “Адзін жывяце? Сям’я?”

(Крок: ) “З бабаю. Ёсьць яшчэ і хлопец 36 год. Ён у лясьніцтве працуе”.

(Карэспандэнт: ) “Пабачыў на вашым даху спадарожнікавую талерку. Адкуль яна ў чарнобыльскай зоне?”

(Крок: ) “Хлопец мой набыў. Чорт яго ведае, што ён там глядзіць. Я не гляджу нічога. Яно мне ня трэба. Я лепей лягу ды паляжу. А калі пагляджу тэлевізар, галава трашчыць і вочы нічога ня бачаць”.



Чарговы раз пераконваюся, што ў чарнобыльскай зоне трэба арыентавацца па гуках. Свайго наступнага суразмоўцу я засьпеў на падворку. Адтуль можна пачуць, які іржэ конь. Жывёла належыць Уладзімеру Кулаю. У іх ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва: гаспадар часам пасяўной і збору ўраджаю абслугоўвае палеткі аднавяскоўцаў, з гэтага ён і жыве. А конь як бізнэс-партнэр атрымлівае сваю долю аўсом ды іншымі прысмакамі.



(Карэспандэнт: ) “Вы яшчэ недзе працуеце?”

(Кулай: ) “А дзе тут працаваць? Няма дзе!”

(Карэспандэнт: ) “А калгас ваш?”

(Кулай: ) “Развалілі”.

(Карэспандэнт: ) “А ў Брагін езьдзіць?”

(Кулай: ) “А дзе там працу знойдзеш?”

(Карэспандэнт: ) “Так чым вы займаецеся?”

(Кулай: ) “Нічым”.

(Карэспандэнт: ) “Радыяцыя ня страшная?”

(Кулай: ) “О-о-ой! Тыя, хто выехалі, хутчэй за нас паўміралі”.

(Карэспандэнт: ) “Вы неяк ад радыяцыі ратуецеся?”

(Кулай: ) “Выпілі і прайшлі працаваць!”

(Карэспандэнт: ) “Адзін жывяце? Жонка ёсьць?”

(Кулай: ) “А нашто яны мне?”

(Карэспандэнт: ) “Як нашто?! На тое самае... Гаспадарку дапамагаць трымаць”.

(Кулай: ) “Я і сам спраўляюся”.

(Карэспандэнт: ) “А каб захацелі жаніцца, знайшлі б у вёсцы дзяўчыну альбо жанчыну?”

(Кулай: ) “Не. У нас засталіся толькі пэнсіянэры”.



Самыя моцная ўражаньні пакідаюць не паўмёртвыя Сабалі, і нават не ўспаміны людзей пра першыя дні пасьля чарнобыльскай катастрофы. Вёска знаходзіцца ўсяго за пяць кілямэтраў ад райцэнтру. А паглядзіш на сёньняшнія турботы вяскоўцаў — і падаецца, што ад паселішча да цывілізацыі кілямэтры і кілямэтры.

XS
SM
MD
LG