Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На беларуска-расейскай мяжы затрымалі наклад некалькіх недзяржаўных газэтаў


Любоў Лунёва, Менск У Дуброўні міліцыянты затрымалі наклад газэтаў “День”, “Салідарнасьць”, “Товарищ” і “Белорусской деловой газеты”. Газэты везьлі на грузавіку з расейскай друкарні. Супрацоўнікі міліцыі паведамілі Радыё Свабода, што прэтэнзіі маюць толькі да газэты “День”. Увесь наклад гэтага выданьня, каля 2 000 экзэмпляраў, будзе знаходзіцца ў раённым упраўленьні ўнутраных справаў пакуль будзе праводзіцца праверка.

Рэдактар газэты Мікола Маркевіч знаходзіцца ў Горадні. Напярэдадні выхаду газэты намесьніца міністра інфармацыі Лілія Ананіч накіравала ліст у Смаленскую друкарню аб тым, што газэта “День” не прайшла перарэгістрацыю ў сувязі са зьмяненьнем юрыдычнага адрасу. Яна папрасіла генэральнага дырэктара не друкаваць газэту. Але расейцы, прааналізаваўшы сытуацыю, вырашылі газэту надрукаваць.

Мікола Маркевіч лічыць, што загад затрымаць наклад газэты міліцыянты атрымалі ад КДБ. Ён упэўнены, што газэту ў продаж не аддадуць.

(Маркевіч: ) “Абсалютна нармальны нумар. Ніякіх праблемаў тут няма. Я папросту губляюся ў здагадках. Ведаю толькі адно: напярэдадні выхаду газэты Лілія Ананіч, даведаўшыся аб тым, што газэту будуць друкаваць у Смаленску, даслала адмысловы ліст на імя генэральнага дырэктара. Расейцы прааналізавалі гэты ліст і прыйшлі да высновы, што не ў іхных, не ў нашых дзеяньнях, калі надрукаваць газэту, складу злачынства, альбо правапарушэньня няма. Ну, не прайшла адна такая лабавая псыхічная атака, зладзілі яшчэ адну.”

Кіраўнік сьледчага аддзела Дубровенскага ўпраўленьня ўнутраных справаў раман Бабіч паведаміў Радыё Свабода, што цягам сутак правядуць праверку.

(Бабіч: ) “Раніцай. Цягам заўтрашняга дня мы ўсё гэта зробім. Нам трэба высьветліць, ці законна яна выходзіць. Калі законна, то газэту заўтра аддадуць. Вернуць усё да апошняга нумару.”

Грузавік з газэтамі стаіць у двары будынку Дубровенскага ўпраўленьня міліцыі. Наклад газэты “День” будзе знаходзіцца ў сьледчым аддзеле пакуль не завершыцца праверка.
XS
SM
MD
LG