Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва прымае на адпачынак сваякоў зьніклых апанэнтаў Лукашэнкі


Алег Грузьдзіловіч, Менск У найлепшым санаторыі літоўскага Друскенінкая з ініцыятывы беларускіх і замежных праваабаронцаў арганізаваны адпачынак і лячэньне для актывістаў, пацярпелых ад рэпрэсіяў беларускіх уладаў ды сваякоў зьніклых палітыкаў.

Дэпутатка літоўскага парлямэнту Раса Юкнавічэне разам з актывістамі беларускага “Праваабарончага альянсу” пры фінансавай дапамозе амбасады Нарвэгіі ў Літве наладзіла ў Літве адпачынак людзям, якія пацярпелі ад існуючага ў Беларусі палітычнага рэжыму.

У найлепшым санаторыі Друскенінкая “Драўгістас“, які раней выкарыстоўваўся партыйнымі функцыянэрамі КПСС, ужо прайшлі курс аздараўленьня сваякі зьніклых апазыцыянэраў і некаторыя дзеючыя апазыцыянэры. Сярод іх – маці Генадзя Карпенкі Вера Розум, маці Зьмітра Завадзкага Вольга Завадзкая.

Гаворыць дэпутатка літоўскага Сэйму Раса Юкнавічэне.

(Юкнавічэне: ) “Кожны нармальны чалавек, мяркую, рабіў бы тое самае. Я толькі вельмі рада, што ў мяне ёсьць такія магчымасьці. Мы супрацоўнічаем зь некаторымі скандынаўскімі амбасадамі і тымі, хто заклапочаны, што людзі зьнікалі і зьнікаюць у Беларусі ды засталіся сем’і гэтых людзей, якім вельмі нялёгка. Мяркую, гэта звычайная гуманітарная дапамога.”

Брат зьніклага Віктара Ганчара Іосіф Ганчар днямі вярнуўся дамоў у Ліду з Друскенінкая, дзе ён адпачываў два тыдні. Іосіф Ганчар вельмі ўдзячны тым, хто арганізаваў і прафінансаваў ягонае лячэньне і адпачынак. Ён прызнаецца, што ўласных прыбыткаў на гэта не хапіла б. Іосіф Ганчар адзначае добразычлівасьць і прафэсіяналізм літоўцаў, якія лячылі яго ў санаторыі. Увогуле ён зьдзіўлены пераменамі да лепшага, якія ўбачыў у жыцьці простых літоўцаў.

(Ганчар: ) “Уражаньні, што я пабываў не ў іншай краіне, а на іншай плянэце. Вакол ў горадзе чысьціня незвычайная, але незразумела, хто прыбірае, бо дворнікаў я ня бачыў. У гарадзкім мікрараёнчыку ніводнай пратаптанай сьцежкі, усё забрукавана. І ніводнага чалавека нападпітку ня бачыў, як ня бачыў і ніводнага паліцыянта.”

Паводле Іосіфа Ганчара, людзі, зь якімі кантактаваў Іосіф Ганчар, былі ў большасьці сваёй задаволеныя пераменамі, якія адбыліся ў Літве цягам апошніх 15 гадоў.

***

Нагадаем, намесьнік старшыні Вярхоўнага Савета Віктар Ганчар быў скрадзены напачатку верасьня 1999 году. У той час ён быў лідэрам апазыцыі. Сьледзтва па справе Віктара Ганчара дагэтуль не завершанае. Як паведаміў брат зьніклага палітыка Іосіф Ганчар, пракуратура, якая расьсьледуе гэтую справу, зусім не кантактуе са сваякамі Віктара Ганчара.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG