Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскія "пэрспэктывы" Беларусі перанесеныя на нявызначаны тэрмін


Уладзімер Глод, Менск Міжнародны сэмінар на тэму пэрспэктываў Беларусі і палітыкі добрасуседзтва Эўразьвязу, які павінны быў адбыцца ў Менску 30 траўня, пераносіцца на нявызначаны тэрмін. Пра гэта Радыё Свабода паведаміў 26 траўня намесьнік старшыні камісіі Палаты прадстаўнікоў у міжнародных справах і сувязях з СНД Анатоль Красуцкі.

Спадар Красуцкі гаворыць, што ініцыятыва пераносу сэмінару зыходзіць ад беларускага боку. Кіраўніцы спэцыяльнай рабочай групы ў справах Беларусі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, дэпутатцы Бундэстагу Ўце Цапф, якая зьбіралася быць мадэратарам паседжаньняў, паведамілі, што пажадана адкласьці яго прыкладна на адзін месяц. Маўляў, захварэлі некаторыя людзі, перадусім, старшыня беларускай дэлегацыі ў ПА АБСЭ Сяргей Забалоцец. Таму, калі праводзіць сэмінар цяпер, ён не дасьць выніку.

Анатоль Красуцкі таксама дадаў, што ён чуў пра сустрэчу Ўты Цапф з Сяргеем Забалотцам у Вашынгтоне, дзе пройдзе чарговая сэсія Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ і дзе, праўдападобна, будзе вызначаны дакладны тэрмін сэмінару.

Між тым, прынцыповая дамова пра гэтае мерапрыемства была дасягнутая яшчэ на леташняй сэсіі ПА ў Эдынбургу. Тады Ўта Цапф і сябра Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Орда нават падпісалі адпаведнае пагадненьне. Міжнародныя структуры мусілі быць пасярэднікамі ў сэмінары з удзелам беларускіх уладаў і апазыцыі дзеля наладжваньня двухбаковага дыялёгу.

Лідэр Аб''яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька таксама пацьвярджае інфармацыю пра перанос сэмінару. Паводле ягоных словаў, ён як патэнцыйны ўдзельнік мерапрыемства, атрымаў ліст ад Уфы Цапф, у якім паведамляецца, што правядзеньне сэмінару перанесена на просьбу беларускага парлямэнту.

На думку спадара Лябедзькі, сэмінар адкладаецца зусім не выпадкова:

(Лябедзька: ) "Я думаю, пэрспэктыва такая, што гэтага сэмінара можа наагул ня быць. Таму што агульная сытуацыя абсалютна не спрыяе дыялёгу з міжнароднай супольнасьцю. Пра што размаўляць? Пра тое, што закрылі апошнім часам розныя дэмакратычныя структуры? Што дзяцей (я цяпер знаходжуся ў Жодзіне) давялі да таго, што яны галадоўку абвясьцілі? Сытуацыя абсалютна не спрыяльная, каб нешта прадэманстраваць, узгадайце апошнія падзеі з палякамі. Таму, я думаю, яго і адклалі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG