Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Севярынец: “Гэтая справа нагадвае палітычную замову”


Любоў Лунёва, Менск 26 траўня працягваўся разгляд крымінальнай справы супраць Міколы Статкевіча і Паўла Севярынца. Іх абвінавачваюць у арганізацыі вулічных дэманстрацыяў 18 і 19 кастрычніка на знак пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму.

У Цэнтральным судзе Менску сабралася некалькі дзясяткаў чалавек, каб прысутнічаць на судовым працэсе і падтрымаць актывістаў апазыцыі. Штодня Міколу Статкевіча прывозяць у суд а 10 раніцы.

24 траўня яго арыштавалі на дзесяць сутак за непавагу да суду. Ён адмаўляецца ўставаць перад судзьдзём, і яго выдаляюць з судовай залі. Пасьля абеду яго зноў прывозяць у суд пад вартай, і працэдура паўтараецца.

Мікола Статкевіч паведаміў Радыё Свабода, што ня зьменіць сваёй пазыцыі:

(Статкевіч: ) “Мая пазыцыя не мяняецца. Я сёньня задаў рытарычнае пытаньне судзьдзі: “Ці зьявіўся ў Беларусі незалежны суд?” Зразумела, што за чатыры гадзіны ён ня мог зьявіцца і, таму мая пазыцыя не мяняецца. Я буду працягваць галадоўку. Адзіны станоўчы момант той, што пасьля таго, як я абвясьціў галадоўку, таго хлопца хворага на дызэнтэрыю, як мне сказалі, адправілі ў шпіталь. Я не прызнаю гэтага суду. Гэта імітацыя суду. Судзьдзя — гэта чыноўнік, які ўжо мае загад. Я дарослы чалавек і ня буду рабіць выгляд, што ў палітычнай справе, зьвязанай з маім вылучэньнем у кандыдаты ў прэзыдэнты, будзе нейкі незалежны суд”.

Сярод прысутных была паплечніца Міколы Статкевіча Ніна Стужынская:

(Стужынская: ) “Партыя знаходзіцца ў вельмі цяжкіх умовах, але мы ганарымся сваім лідэрам. Цяпер мы з усіх канцоў сьвету атрымліваем зьвесткі аб падтрымцы нашага старшыні. Літаральна днямі прынята заява партыі Эўрапейскіх сацыялістаў. Яны яшчэ раз пацьвердзілі нам сваю адданасьць як партнэрам. Яны заўсёды разам з намі ў нашым змаганьні. Яны яшчэ раз засьведчылі, што лідэр беларускай сацыял-дэмакратыі Мікола Статкевіч. Таксама рыхтуецца заява Эўрапарлямэнту ў падтрымку Міколы Статкевіча, а таксама і ад іншых сяброў”.

Сёньня ў судовай залі апыталі апошніх сьведкаў, а потым адбыўся прагляд відэазапісу падзеяў 18 і 19 кастрычніка. Стужку прадставіла гарадзкое ўпраўленьне ўнутраных справаў.

Павал Севярынец так пракамэнтаваў гэта Радыё Свабода:

(Севярынец: ) “Пасьля прагляду відэаматэрыялаў стала зразумела, што крымінальная вэрсія гэтай справы не вытрымлівае ніякай крытыкі. Ніякага крыміналу, грубага парушэньня грамадзкага парадку, нецэнзурных воклічаў, альбо нейкіх дзеяньняў, якія перашкаджаюць нармальнай жыцьцядзейнасьці жыхароў дамоў, як сфармулявана ў абвінавачаньні, не было. Уся стужка — гэта палітычны кліп. Разам з тым, працэс, мяркуючы з удакладненьняў судзьдзі, якія ён робіць падчас прагляду і апытаньня сьведкаў, маюць яўна абвінаваўчы ўхіл. Судзьдзя не хавае, што яго цікавіць менавіта пацьверджаньне віны, а не невінаватасьці. Гэтая справа нагадвае палітычную замову”.

27 траўня мусяць адбыцца спрэчкі. Паводле Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, абвінавачванага ня могуць пазбавіць апошняга слова. Юрысты адзначаюць, што ў выпадку выдаленьня з судовай залі Міколы Статкевіча могуць быць падставы для адмены прысуду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG