Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Севярынец прэзэнтаваў новую кнігу


Альгерд Невяроўскі, Менск Сёньня ў Менску адбылася прэзэнтацыя новай кнігі апазыцыйнага палітыка Паўла Севярынца “Нацыянальная ідэя”. Кніга складаецца зь пераліку і апісаньня 200 найбольш вядомых у сьвеце фэномэнаў беларускай гісторыі, культуры, геаграфіі, спорту, а таксама асобаў.

Павал Севярынец працаваў над гэтай кнігай два з паловай году, хаця гаворыць, што хацеў сабраць пад адной вокладкай даступнае апісаньне розных вядомых беларускіх фэномэнаў яшчэ з падлеткавага ўзросту. Вось што гаворыць пра кнігу “Нацыянальная ідэя” яе аўтар:

(Севярынец: ) “Кніга “Нацыянальная ідэя” — гэта пералік 200, на мой погляд, найбольш вядомых у сьвеце, найбольш значных фэномэнаў беларускае гісторыі, культуры, геаграфіі, спорту, асобаў і духовасьці. Гэта канцэпцыя нацыянальнай ідэі, якую каротка можна сфармуляваць словамі: “Беларуская форма — хрысьціянскі зьмест”. Ідэя ў тым, што Беларусь і беларускасьць унікальна хрысьціянскія ў сваёй сутнасьці. І прааналізаваўшы вось гэтыя 200 элемэнтаў ад “Песьняроў” да БелАЗу, ад бел-чырвона-белага сьцяга да асобы Францішка Скарыны, я знайшоў пацьверджаньне сваёй асноўнай тэзы — адраджэньне Беларусі можа быць зьвязанае толькі з духовым адраджэньнем”.

Кіруючы ў свой час “Маладым фронтам”, аўтар кнігі заўважыў, што многія маладыя людзі адчувалі Беларусь інстынктыўна, і не маглі выказаць словамі, чаму Беларусь для іх найвышэйшая каштоўнасьць. Таму Павал Севярынец і вырашыў для гэтых людзей сфармуляваць свой варыянт канцэпцыі нацыянальнай ідэі.

Кніга “Нацыянальная ідэя” выйшла невялікім накладам некалькі сотняў асобнікаў у Латвіі. Гэта ўжо трэцяя кніга Паўла Севярынца. У 1998 годзе ён выдаў кнігу “Ды-джэі Адраджэньня”, а ў 2002 годзе пабачыла сьвет праца “Пакаленьне “Маладога фронту”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG