Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Менскі гарвыканкам па-ранейшаму знаходзіцца на праспэкце Скарыны


Валер Каліноўскі, Менск Грамадзкая кампанія дзеля арганізацыі гарадзкога рэфэрэндуму ў Менску з прычыны апошняга перайменаваньня А.Лукашэнкам цэнтральных праспэктаў і вуліцаў атрымала падтрымку народнай кааліцыі “Пяцёрка плюс”. Тым часам у Цэнтравыбаркаме выказваюць сумнеў у тым, што пытаньні гэтага рэфэрэндуму могуць быць зарэгістраваныя. А ў гарвыканкаме кажуць, што цэнтральныя праспэкты і вуліцы фармальна яшчэ не перайменаваныя.

Нягледзячы на тое, што пасьля ўказу А.Лукашэнкі аб перайменаваньні шэрагу цэнтральных праспэктаў і вуліцаў Менску большасьць шыльдаў з праспэктаў Скарыны і Машэрава ўжо зьнятыя, фармальна старыя назвы захоўваюцца.

У прыватнасьці, на інтэрнэт-сайце Менскага гарвыканкаму пазначаны ягоны ранейшы адрас: праспэкт Францішка Скарыны, 8. Супрацоўнік прэсавай службы гарвыканкаму Іван Ядрынцаў гэтак патлумачыў сытуацыю:

(Ядрынцаў: ) “Паводле заканадаўства, павінен гарадзкі савет прыняць рашэньне аб афіцыйным перайменаваньні вуліцаў. А пакуль што такога рашэньня няма”.

Камэнтаваць указ А.Лукашэнкі аб перайменаваньні вуліцаў і магчымае правядзеньне мясцовага рэфэрэндуму з гэтай нагоды ў гарвыканкаме адмовіліся, зазначыўшы, што ўсе звароты грамадзянаў будуць разгледжаныя ў адпаведнасьці з заканадаўствам.

Тым часам у падтрымку ідэі рэфэрэндуму наконт перайменаваньняў вуліцаў ужо выказаліся больш за тысячу жыхароў Менску, якія накіравалі свае подпісы ў сядзібу АГП, паведаміў кіраўнік аргкамітэту дзеля правядзеньня рэфэрэндуму Сяргей Альфер.

(Альфер: ) “Я задаволены, што гэта перастала быць партыйнай ініцыятывай, гэта ініцыятыва ў большай ступені насельніцтва гораду Менску”.

Сяргей Альфер перакананы ў пасьпяховым выніку, калі рэфэрэндум будзе прызначаны гарадзкімі ўладамі. Паводле спадара Альфера, у ініцыятыўную групу будзе ўключана больш за 500 чалавек, якім трэба будзе сабраць 120 тысяч подпісаў. На арганізацыю рэфэрэндуму спатрэбіцца сем-восем месяцаў, перакананы спадар Альфер. Заяву на рэгістрацыю пытаньняў рэфэрэндуму і ініцыятыўнай групы ён лічыць рэальным падаць у сярэдзіне чэрвеня. На 13 чэрвеня Сяргей Альфер і прадстаўнік БНФ Уладзімер Лабковіч папрасілі ў гарвыканкаме адпаведнае памяшканьне для паседжаньня ініцыятыўнай групы.

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік выказвае сумнеў, што пытаньні гарадзкога рэфэрэндуму будуць зацьверджаныя юрыдычнай управай гарвыканкаму:

(Лазавік: ) “Узьнікае пытаньне такога парадку: а ці можа мясцовы рэфэрэндум адмяніць указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь? Такога заключэньня няма. Таму яшчэ раз паўтараю: усялякія дзеяньні павінны праводзіцца ў адпаведнасьці з законам, а ня добрымі ці благімі намерамі”.

Адказваючы на гэтае пытаньне спадара Лазавіка, кіраўнік грамадзкага аргкамітэту дзеля правядзеньня мясцовага рэфэрэндуму Сяргей Альфер зазначае, што фармальна не плянуецца скасоўваць указ Лукашэнкі:

(Альфер: ) “Мы ўвогуле не зьвяртаемся да гэтага ўказу ніякім чынам. Пытаньне рэфэрэндуму — проста перайменаваньне вуліцаў: нам не падабаюцца назвы вуліцаў. А кім яны былі названыя, Лукашэнкам, Паўлавым ці кім яшчэ — нас гэта абсалютна не турбуе”.

Спадар Альфер перакананы, што вынікі мясцовага рэфэрэндуму маюць абавязковую сілу для гарадзкога савету, у паўнамоцтвы якога ўваходзіць перайменаваньне вуліцаў.
XS
SM
MD
LG