Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што спрычынілася да чутак пра радыяактыўныя выкіды?


Ігар Карней, Менск Распаўсюджаныя ў Менску чуткі пра верагоднасьць радыяактыўнага выкіду на адной з атамных электрастанцыяў не пацьвердзілі ні ў адным дзяржаўным ведамстве. Спэцыялісты не выключаюць, што людзей увялі ў зман вучэньні Міністэрства абароны і штабу грамадзянскай абароны — вучэбную трывогу ўспрынялі за сапраўдную.

Інфармацыю пра магчымы выкід радыяцыі на нейкай атамнай станцыі, якая суседнічае зь Беларусьсю, у зацікаўленых ведамствах камэнтуюць досыць нэрвова. Вось што сказалі ў штабе грамадзянскай абароны Менску:

(Супрацоўнік штабу: ) “Дайце паведамленьне праз Радыё Свабода: чуткі беспадстаўныя. На атамных станцыях, якія знаходзяцца вакол Беларусі, усё нармалёва, усе станцыі функцыянуюць у працоўным рэжыме, ніякіх выкідаў няма. Калі ласка, скажыце пра гэта па радыё”.

Запытваю, ці можна зьвязваць учорашнія падзеі ў Маскве з чуткамі пра тэхнагенную катастрофу ў непасрэднай блізкасьці ад Беларусі?

(Супрацоўнік штабу: ) “У Маскве на атамным камбінаце сапраўды быў невялікі выкід, але гэта было ў межах Масквы, і далей ён не распаўсюдзіўся”.

Я таксама пацікавіўся, ці адпавядаюць сапраўднасьці зьвесткі пра вучэньні, у якіх быццам задзейнічаны і штаб грамадзянскай абароны?

(Супрацоўнік штабу: ) “Вучэньні і цяпер ідуць, можа, якуюсьці інфармацыю неадэкватна інтэрпрэтуюць і ў зьвязку з вучэньнямі. Але ў рэальнасьці нічога ня здарылася. Усё нармалёва”.

Як стала вядома, ужо некалькі дзён мадэлюецца сытуацыя вывазу радыяактыўных адкідаў з пасёлку Сосны. У сталічных раёнах, празь якія імітуецца вываз небясьпечнага грузу, папярэджваюць, каб людзі зачынялі вокны і не выходзілі на вуліцу. Пра тое, што гэта вучэбная трывога, не паведамляецца. Аднак бальшыня апытаных мінакоў досыць сур’ёзна ставіцца да магчымых радыяцыйных выкідаў. Асноўны аргумэнт — у 1986-м таксама казалі, што няма падставаў хвалявацца. Разам з тым, шмат хто лічыць, што змагацца з радыяцыяй немагчыма.

(Спадар: ) “Як тут абаронісься? Ну, выкінула штосьці — куды пойдзеш хавацца? Чым абараняцца? Бессэнсоўна”.

Некаторыя лічаць: каб не ствараць панікі, у любым выпадку неабходна даваць тлумачэньні па тэлебачаньні.

(Спадар: ) “Глядзеў учора, але па БТ нічога не сказалі. Але ж колісь нас ужо капітальна падманулі, калі Чарнобыль шлёпнуў. Людзі ў нас даверлівыя, усяму вераць... Вось, прыкладам, прыяжджаюць да нас японцы, дык усе з адгазьнікамі. Дзе машына дала выхлапу, яны адразу на сябе адгазьнік. А мы прызвычаіліся жыць так, без адгазьніку. Далей — лічыльнікаў радыяцыі нідзе не набыць. Хацеў у вёсцы замерыць радыяцыю, а не магу нідзе купіць”.

У менскіх мінакоў я таксама запытаўся: ці гэтак жа вераць людзі тлумачэньням афіцыйных структураў, як і раней?

(Спадарыня: ) “Я ня думаю, што гэтак жа вераць, але будуць жыць, як і жылі. Людзі не памяняліся. Гэтак жа будуць хадзіць, гэтак жа будуць усё есьці. А што мы ў такой сытуацыі зробім?”

Былы галоўны лекар клінікі радыяцыйнай мэдыцыны Сяргей Карыцька лічыць, што беларусы дагэтуль апанаваныя страхам Чарнобылю.

(Карыцька: ) “Ёсьць такое паняцьце — “чарнобыльскі фактар”. Адзін зь яго складнікаў — радыяцыйнае ўзьдзеяньне: зьнешняе апраменьваньне, унутранае. Другі вялікі складнік — стрэс, які быў падчас катастрофы: выбух, пажар, страх; няведаньне — што будзе, наколькі ўсё гэта небясьпечна. Стрэс быў вялізны, як падчас любой катастрофы. І ён, натуральна, вельмі адмоўна ўплывае на здароўе”.

Спэцыялісты ў гэтым зьвязку перакананыя: пры такой чарнобыльскай “фобіі” нават размовы пра будаўніцтва ў Беларусі АЭС беспэрспэктыўныя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG