Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Камсамолка": Лукашэнка запрасіў да сябе Падольскую і Агурбаш


Юлія Шарова, Менск Агляд сёньняшняй незалежнай прэсы.

“Наша ніва” спрабуе ацаніць шансы Беларусі на багаты ўраджай сёлета. Фэнамэнальныя выбрыкі надвор’я ў пачатку году паставілі будучы ураджай пад пытаньне, але неяк абышлося і зьявіўся нават аптымізм. І вось новая нечаканка: амаль уся тэрыторыя краіны трапіла пад уплыў халоднага і дажджлівага надвор’я на досыць працяглы прамежак часу. У выніку спэцыялісты ўжо прадказваюць, што раньняй бульбы ня будзе, а ўраджай збожжа зьнізіцца.

І яшчэ “Наша ніва” сёньня піша пра дрэвы. Тут можна прачытаць пра “дуб Міцкевіча”, “Касьцюшкаў дуб”, “Коласавы ліпы”, “Скірмунтавы экзоты” ды іншыя дрэвы, якія нейкім часам загадкавым чынам, набылі статус славутасьцяў. "Драўляную" тэму на старонках газэты дасьледуе Адам Воршыч.

У мікрараёне Слоніма Лабазоўка зноў здарылася паводка – пасьля кожнага моцнага дажджу тут пачынаецца сапраўдны патоп, піша “Газета Слонимская”. А ўся справа ў тым, што мясцовыя камунальныя службы ніяк ня зоймуцца прачысткай сьцёкавых каналаў. Ад моцных дажджоў церпяць і некаторыя навакольныя вёскі. Спадзявацца ім застаецца пакуль на тое, што неўзабаве надыдзе сапраўднае сонечнае лета.

Апрача таго ў “Газете Слонимской” можна прачытаць пра тое, як у Слоніме прайшоў міжнародны фэстываль палянэзаў. Дарэчы, аўтар славутага палянэзу “Разьвітаньне з Радзімай” Міхал Клеафас Агінскі правёў сваё дзяцінства ў гэтым горадзе.

На наступнае “Эўрабачаньне” паедзе трыё – такое меркаваньне выказваюць карэспандэнты “Камсамолкі”. Сьпявачка Натальля Падольская паведаміла газэце, што яе разам з Анжалікай Агурбаш і Русланам Аляхно запрасіў на сустрэчу кіраўнік краіны. Магчыма, Аляксандар Лукашэнка будзе размаўляць зь імі пра “Эўрабачаньне-2006”. Таксама тут можна прачытаць пра тое, як суцяшаў спадарыню Агурбаш Філіп Кіркораў. А яшчэ “Камсамолка” знайшла татуіроўкі ў беларускіх спартоўцаў. Напрыклад, фрыстайліст Зьміцер Дашчынскі зрабіў сабе на плячы татуіроўку ў выглядзе скарпіёна – гэта ягоны знак Задыяка.
XS
SM
MD
LG