Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У чым прычына росту дзіцячых суіцыдаў?


Сьвятлана Курс, Менск Згодна статыстычных зьвестак, у Беларусі падвышаецца колькасьць суіцыдаў сярод дзяцей ад 11 да 18 гадоў. У 78% выпадкаў гэта не безнаглядныя дзеці, а менавіта дзеці з добрапрыстойных сем’яў. У чым прычына пагаршэньня сытуацыі?

Паводле Францускага нацыянальнага інстытуту дэмаграфічных дасьледаваньняў, Беларусь – чацьвёртая постсавецкая краіна па колькасьці суіцыдаў – 32 чалавекі на 100 тысяч канчаюць жыцьцё самагубствам штогод.

Сярэднесусьветны паказьнік удвая меншы – 16 чалавек.

Штогод у Беларусі фіксуецца больш за тры тысячы самагубстваў. Зь іх некалькі дзясяткаў – дзеці й падлеткі. Каля 80% юных самагубцаў – хлопчыкі.

Які партрэт дзіцяці-самагубцы?

Псыхолягі Менскага псыханэўралягічнага дыспансэру для дзяцей раяць зьвяртаць увагу найперш на ціхіх, закрытых, паслухмяных падлеткаў. Гэта сыгнал таго, што яны замкнёныя ў сабе і не давяраюць сьвету. Таксама трэба зьвяртаць пільную ўвагу на скаргі дзіцяці накшталт “я нікому не патрэбны”, “хачу памерці”.

Вясковая настаўніца спадарыня Ларыса згадвае самагубства двух выдатных, паслухмяных, ціхіх вучняў. 12-гадовы Коля павесіўся ў дрывотні.

(Ларыса: ) “Дома, у дрывотні, акуратна склаў акуляры і павесіўся. Бог толькі ведае, чаго”.

(Карэспандэнтка: ) “Запіскі перадсьмяротнай не пакідаў?”

(Ларыса: ) “Нічога не пакінуў. Было яму 12, у пятай клясе вучыўся. Ціхі, акуратны хлопчык. Добрая сям’я, бацькі працуюць у калгасе”.

15-гадовы Зьміцер павесіўся з-за канфлікту з бацькам.

(Ларыса: ) “У бацькі каханка была на баку, дык ён і маці біў, а хлопчык за яе заступаўся. Дык бацька яго зьбіў. І хлопчык павесіўся ў канцы гарода. А бацька раскаяўся і за год памёр сам. Абодва пахаваныя тут, у Баянічах”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці гэты хлопчык пакінуў тлумачэньні?”

(Ларыса: ) “Гэты пакінуў, што з-за бацькі. Харошы быў, спакойны хлопчык”.

Школьныя стрэсы, накладзеныя на стому, моцна ўплываюць на псыхіку дзяцей. Шкодзіць і жорсткае адміністраваньне школьнага асяродку, цьвердзіць Сьвятлана Нячай, маці 9-гадовай Каці.

(Нячай: ) “У маёй дачкі быў іспыт па музыцы. Яна мусіла заграць тры п’есы, якія вучыла паўгода. У школе было халодна, і мы надзелі цёплыя джынсы. І вось, калі дзіця падняло рукі над фартэпіяна, настаўніца раптам закрычала: “Што гэта на табе надзета?” І гэта норма. Могуць парваць сшытак на вачох дзіцяці, тлумачальную запіску ад бацькоў... ”

Хто, на думку псыхолягаў, больш вінаваты ў самагубствах дзяцей – бацькі, настаўнікі ці асяродак раўналеткаў? Кажуць, што часьцей за ўсё – маці. Андрэй Туравец, загадчык Менскага гарадзкога Цэнтру сацыяльнага абслугоўваньня сям’і і дзяцей, гаворыць, што самагубства дзяцей найчасьцей выклікае маці, якая крычала на дзіця ў 3-5 год. У пэрыяд полавага высьпяваньня 11-15 год падчас гарманальнай перабудовы арганізму дзіцячыя траўмы маўляў усплываюць у падсьвядомасьці. Такія маці не павінна ўскладаць на сябе віну. Трэба зьвярнуцца да спэцыяліста, і можна многія траўмы адкарэктаваць, сьцьвярджае псыхоляг.

Часта дзяцей ратуе творчасьць. Спэцыялісты называюць гэта “абаронным фантазаваньнем”. У вершах і малюнках дзеці выяўляюць свае страхі і праблемы.
XS
SM
MD
LG