Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менгарвыканкам больш ня будзе рэгістраваць лісты ад мітынгоўшчыкаў


Галіна Абакунчык, Менск У Менгарвыканкаме спынілі рэгістрацыю пісьмаў адносна правядзеньня сходаў, вулічных шэсьцяў, дэманстрацыяў, пікетаваньня і іншых масавых мерапрыемстваў. Паводле рашэньня гарадзкой улады за нумарам 809, рэгістрацыі не належаць таксама яшчэ некалькі дзесяткаў відаў дакумэнтаў, што дасылаюцца ў выканкам, альбо накіроўваюцца гэтай установай па інстанцыях. Нашая карэспандэнтка пацікавілася, чым выкліканая адмова сталічнай улады ад кантролю за пэўнай часткай сваёй карэспандэнцыі.

У аддзеле пісьмаў і арганізацыі прыёму грамадзянаў Менгарвыканкаму мне патлумачылі: у пералік 50 дакумэнтаў, якія перасталі рэгістравацца, увайшлі запыты, даведкі і адказы, што на погляд чыноўнікаў ня маюць вялікай грамадзкай значнасьці. Напрыклад, лісты пра сьпісанае абсталяваньне, разьмяшчэньне рэклямы і гэтак далей. Як падкрэсьліў спэцыяліст аддзелу Андрэй Серы, дзякуючы гэтаму агульны аб''ём дакумэнтазвароту ў Менгарвыканкаме зьменшыцца. На пытаньне, ці ня згубяцца ў выніку незарэгістраваныя паштовыя лісты, спадар Серы адказаў:

(Серы: ) “Яны рэгіструюцца, але зусім па іншаму. Яны ідуць сьпісам. Калі пісьмы не рэгіструюцца, то гэта ня сьведчыць, што не разглядаюцца”.

Чаму Менгарвыканкам вырашыў такім чынам аптымізаваць дакумэнтазварот? Ці не таму, што жыхары сталіцы апошнім часам часьцей сталі турбаваць чыноўнікаў зваротамі і скаргамі? Андрэй Серы ня стаў камэнтаваць гэтае пытаньне, але спаслаўся толькі на агульную лічбу.

(Серы: ) “У нас за год больш як 10 тысяч зваротаў грамадзянаў”.

Наколькі абцяжараны цяпер Менгарвыканкам папяровай завірухай – таямніца для падаткаплацельшчыкаў. Чыноўнікі не адказваюць нават на пісьмовыя звароты з рэдакцыяў. Гаворыць журналістка сталічнай газэты “Ва банкь” Аксана Асьпішчава.

(Аспішчава: ) “Спрабавалі ўзяць матэрыял аб дакумэнтазвароце між службамі. Натуральна, сказалі: “Пішыце афіцыйную паперу”. Мы напісалі, на што атрымалі адпісачку: “Вам ведаць не загадана”.

Некаторыя юрысты выказваюць меркаваньне – у працэсе маскіроўкі нязручнай статыстыкі чыноўнікі адмыслова залічылі ў другарадны сьпіс пісьмы па пытаньнях правядзеньня сходаў, вулічных шэсьцяў, дэманстрацыяў, іншых масавых мерапрыемстваў і пікетаваньня.

Па словах прадстаўніка Аб''яднанай грамадзянскай партыі Міхаіла Пліскі, у заканадаўстве дакладна прапісаная абавязкі вышэйшага кіраўніцтва.

(Пліска: ) “Вось закон аб масавых мерапрыемствах, артыкул 6-ы: кіраўнік мясцовага выканаўчага і распарадчага органу, ці ягоны намесьнік, абавязаныя разгледзець заяву не пазьней як за 5 дзён да даты правядзеньня мерапрыемства і ў пісьмовай форме паведаміць яго арганізатару. У законе адназначна сказана, што кіраўнік у адказе ці яго намесьнік. То ў агульны сьпіс ніяк такое пісьмо ня можа ўваходзіць”.
XS
SM
MD
LG