Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабруйскія актывісты праводзяць акцыю “Не -- фашызму”


Марыя Ўсьціновіч, Бабруйск У Бабруйску пачалася акцыя «Не –фашызму», ініцыятарамі якой сталі партыя БНФ, Малады фронт і грамадзкая арганізацыя «Свая справа». Дэмакраты заклікалі кіраўніцтва Бабруйска зьнішчыць антысэміцкія надпісы на будынках гораду.

У Бабруйску з»явіліся антысэміцкія надпісы на гарадзкіх будынках. Невядомыя малююць шыбеніцу, і на ёй – зорку Давіда. Трэба адзначыць, што гэта – не масавая з’ява. Але справа ў тым, што некаторыя надпісы гарадзкія службы не заўважаюць некалькі месяцаў.

У бабруйскіх дэмакратаў ёсьць яшчэ адна прычына займацца зьнішчэньнем антысэміцкіх малюнкаў. Справа ў тым, што частка зь іх падпісаная «АКМ» (бабруйскія актывісты лічаць, што гэта азначае «Авангард чырвонай моладзі»), а іншая частка падпісаная літарамі «БНФ». Лідэр партыі БНФ у Бабруйску Дзяніс Шэйко запэўнівае, што яго арганізацыя ніякага дачыненьня да гэтага не мае, і разам з іншымі ўдзельнікамі акцыі зьвярнуўся да гарадзкіх уладаў з заклікам зьнішчыць антысэміцкія надпісы. Гаворыць Дзяніс Шэйко.

(Шэйко: ) «Калі з»яўляецца надпіс Жыве Беларусь ці надпісы патрыятычнага толку, яны замалёўваюцца адразу – на працягу 15 хвілін, а гэтыя – не заўважаюць. Зьвярнуліся мы да гарадзкіх уладаў менавіта дзеля таго, каб яны спрабавалі нейкім чынам дзейнічаць на розныя праварадыкальныя чужаземныя арганізацыі, якія працуюць у горадзе – накшталт РНЕ, АКМ, Нацболаў ды іншых».

Удзельнікі акцыі прапанавалі гарадзкім уладам склікаць моладзевую канфэрэнцыю для таго, каб пагутарыць пра нацыянальныя меншасьці – у прыватнасьці, пра габрэйскую грамаду. І стварыць там грамадзкі камітэт, які будзе кантраляваць сытуацыю, калі гарадзкая ўлада і далей не будзе заўважаць зьневажальныя надпісы на будынках Бабруйска.

Загадчык аддзелу ідэалёгіі Бабруйскага гарвыканкаму Сяргей Біткін сказаў, што не бачыў антысэміцкіх надпісаў, затое пагадзіўся, што час ад часу на сьценах дамоў з»яўляецца свастыка. Хто малюе – невядома, але ідэоляг лічыць, што гэта ад недахопу выхаваньня. Спадар Біткін сказаў, што трывогу дэмакратаў наконт надпісаў падзяляе, але разам з тым заўважыў, што акцыю праводзяць незарэгістраваныя арганізацыі, і таму гэта, сказаў чыноўнік, неправамерныя дзеяньні.

Бабруйск – своеасаблівы горад. За мінулым часам 70-80 адсоткаў бабруйцаў былі габрэямі. Цяпер, праўда, іх тут толькі 4,5 тысячы, але ўплыў габрэйскай культуры ў Бабруйску вялікі. Анцісэміцкія лёзунгі выклікаюць у жыхароў горада абурэньне.

Старшыня бабруйскай габрэйскай грамады Леанід Рубінштэйн бачыў прама ў цэнтры горада намаляваныя шыбеніцу з зоркай Давіда. Ён сказаў, што гэта вельмі непрыемна, тым больш што зьневажальны малюнак не зьнішчаюць ужо як мінімум два месяцы.

(Рубінштэйн: ) «А каму было б прыемна, калі габрэйскі сымбаль падвешавалі на шыбеніцу? Іншымі словамі сказана, што нас усіх трэба вешаць. Я толькі не разумею – за што? Асабіста я – ляўрэат дзяржаўнай прэміі СССР, заслужаны вынаходнік, узнагароджаны мэдалямі. За што мяне вешаць?»

Леанід Рубінштэйн сказаў, што з вялікім задавальненьнем выступіў бы перад моладзьдзю, а таксама заклікаў тэрмінова зафарбаваць антысэміцкія надпісы, як гэтага хочуць ініцыятары бабруйскай акцыі «Не -- фашызму».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG