Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэдактару незалежнай газэты пагражае да трох гадоў абмежаваньня волі


Міхал Стэльмак, Менск Сёньня ў Барысаве мясцовы суд прадоўжыць разгляд справы рэдактара недзяржаўнай газэты “Барысаўскія навіны” Анатоля Букаса, якога абвінавачваюць ў парушэньні крымінальнага заканадаўства. У выпадку, калі яго прызнаюць вінаватым, спадару Букасу пагражае абмежаваньне волі тэрмінам да 3-х гадоў альбо пазбаўленьне волі да 2 гадоў.

Паводле афіцыйнай вэрсіі, крымінальная справа Анатоля Букаса стала вынікам аднаго зь яго артыкулаў у “Барысаўскіх навінах”. У ім выказаны крытычны погляд на газэту “Адзінства” і яе рэдактарку Веру Пратасэвіч. “Адзінства” зьяўляецца афіцыйным выданьнем Барысаўскага гарвыканкаму. Фармальна справа выглядае такім чынам, што спадарыня Пратасэвіч пакрыўдзілася і зьвярнулася па дапамогу да праваахоўных органаў. Тыя адрэагавалі і прыйшлі да высновы, што кіраўнік апазыцыйнага выданьня парушыў два артыкулы Крымінальнага кодэксу. Ён нібыта ўзьвёў паклёп і абразіў кіраўніцу дзяржаўнага выданьня. Аднак, як высьветлілася яшчэ да суду, насамрэч, у “Барысаўскіх навінах” і “Адзінстве” было некалькі артыкулаў, дзе рэдактары крытыкавалі адзін аднаго. Адметна, што спробы кіраўніка незалежнай газэты ініцыяваць гэткую ж справу супраць спадарыні Пратасэвіч, ня мелі выніку. Таму спадар Букас лічыць: праваахоўныя органы яшчэ да суду выявілі сваю ангажаванасьць:

(Букас: ) “Мяркую, што на сёньняшні дзень мая крымінальная справа, відавочна, прымае палітычны характар. Што тычыцца разгляду справы ў судзе, то, на мой погляд, судзьдзя Хамцэвіч Алена Фёдараўна таксама разумее, што два артыкулы Крымінальнага кодэксу мясцовая пракуратура літаральна “за вушы” прыцягнула да майго артыкулу. Магчыма, для таго, каб задаволіць старшыню гарвыканкама Васіля Бургуна. У судзе я пляную заявіць хадайніцтва пра правядзеньне новай лінгвістычнай экспэртызы, паколькі лічу, што першая экспэртыза мае шмат недахопаў. І, што цікава, нават спадарыня Лапуніна, якая яе рабіла, гэта не абвяргае. Дарэчы, Тацьцяна Лапуніна займае пасаду ў Міністэрстве унутраных спраў як спецыяліст па шуме і гуках. І ніякага дачыненьня да экспэртызы артыкулаў не мае”.

У Беларускай асацыяцыі журналістаў, дзе сочаць за судовым працэсам у Барысаве, лічаць справу Анатоля Букаса надуманай. Яны ставяць яе ў адзін шэраг з падзеямі, якія бесперапынна адбываюцца вакол іншых недзяржаўных выданьняў. Пацьвярджэньнем таму, на іхную думку, можа служыць той факт, што “Барысаўскім навінам” разам з “Вольным Глыбокім” і “Народнай воляй” Міністэрствам інфармацыі нядаўна вынесены папярэджаньні. Намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец так пракамэнтаваў сітуацыю з судом над рэдактарам “Барысаўскіх навінаў”:

(Бастунец: ) “Для мяне тут галоўнае два моманты. Першае, тое, што ідзе крымінальная справа па артыкулах, якія маглі б быць вырашаныя ў грамадзянскім парадку і павінны былі б, на мой погляд, вырашацца ў грамадзянскім парадку. Гэта першае. І другое: тое, што гэта праходзіць на фоне перасьледу “Барысаўскіх навінаў” з боку ўладаў. Гэта і перашкоды для распаўсюду гэтага выданьня. У апошнія гады стала дастаткова шмат крымінальных спраў па фактах публікацыяў у СМІ. А самае галоўнае: проста ідзе судовы перасьлед”.
XS
SM
MD
LG