Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швэцыя прапануе стварэньне ў беларуска-латыскім Падзьвіньні эўрарэгіёну міжнароднага супрацоўніцтва


Вінцэсь Мудроў, Полацак 25 траўня ў Полацкім дзяржунівэрсытэце распачаў сваю працу міжнародны трансгранічны сэмінар пад назовам “Панарама Дзьвіна/Даўгава”. Яго мэта – вывучэньне праблемы арганізацыі ў беларуска-латыскім Падзьвіньні своеасаблівага эўрарэгіёну – зоны міжнароднага супрацоўніцтва ў сфэры эканомікі, навукі, культуры і турызму. Сэмінар будзе доўжыцца тры дні і на ім прысутнічаюць адмыслоўцы са Швэцыі, Латвіі, Польшчы і Францыі.

Генэратарамі ідэі стварэньня эўрэгіёну зьяўляюцца швэды. У красавіку сёлета з гэтаю мэтаю Полацак наведаў вялікі гурт швэдзкіх навукоўцаў. Цяпер жа да нас завітала ня менш прадстаўнічая дэлегацыя на чале з губэрнатарам вострава Готлянд спадарыняй Марыян Самуэльсан. Жыхары Швэцыі сілкуюць пэўны сантымэнт да Полацка, старажытнага места, якое за часамі вікінгаў мела шчыльныя сувязі з Вараскім берагам. І нездарма спадарыня Самуэльсан заявіла падчас адкрыцьця сэмінару, што яе галоўная мара жыцьця: прыплысьці з Готлянду да Полацку на старым вараскім вадаплаве.

Стварэньне эўрарэгіёну, пра які гаворка, справа не аднаго дня. Тут патрэбныя ня толькі грошы, але й зацікаўленасьць усіх бакоў ды спрыяльная палітычная атмасфэра. Першым крокам на гэтым шляху, мяркуючы па складу швэдзкай дэлегацыі, будзе разьвіцьцё міжнароднага турызму. Пагатоў, у Полацак прыехала цэлая плойма адмыслоўцаў гэтай галіны, у тым ліку й прэзыдэнт Інстытуту культурнага турызму Швэцыі спадар Арнэ Элефорс. Сёньня ў Швэцыі арганізаваныя турыстычныя маршруты ў Аўстралію, Акіянію ды іншыя экзатычныя краіны, але няма маршруту ў блізкі сьвет, па слядах старажытных вікінгаў. Швэдзкі бок між тым вельмі зацікаўлены ў яго арганізацыі. Праўда, самога дырэктара Інстутуту турызму цікавяць і гістарычныя аспэкты швэдзка-беларускіх дачыненьняў. Ён здаўна дасьледуе гісторыю Балтыйскага рэгіёну і, у прыватнасьці, уплыў скандынаваў на этнэгенэз беларусаў.

(Элефорс:) “Мэта імпрэзы – высьветліць некаторыя абставіны фармаваньня нацыянальнага сьветапогляду беларусаў. Вядома, што значны уплыў тут аказалі палякі, расейцы, літоўцы, але таксама і скандынавы. Я думаю, мы высьветлім ступень гэтага скандынаўскага ўплыву праз сувязь вікінгаў з Кіеўскай Русьсю”.

Апрача швэдаў, ідэяй разьвіцьця турызму ў Прыдзьвіньні зацікавілася Польшча. Там ёсьць фінансавыя структуры, згодныя, пры пэўных умовах, укласьці грошы ў разьвіцьцё турыстычнага комплексу. Гаворыць супрацоўнік Марской акадэміі ў Гдыні Томаш Студзянецкі:

(Студзянецкі:) “Польшча мае багаты досьвед ў разьвіцьці трансгранічнага супрацоўніцтва. І тут мы зь цікавасьцю назіраем, як ствараецца эўрарэгіён, які дае шанец разьвіцьцю супрацоўніцтва па-над дзяржаўнымі межамі. Уласна, рака, якую латышы мянуюць Даўгавай, а беларусы Дзьвіною, стварае агульны рэгіён. Думаю, такім чынам, мы вернемся да старой гісторыі, адбудуем старую добрую Эўропу, і будзем рупіцца, каб межы, якія дагэтуль былі бар’ерам, сталіся фактарам, які нас аб’ядноўвае”.

Ну, а што кажуць наконт міждзяржаўнага супрацоўніцтва нашыя бліжэйшыя суседзі – латышы. Усе тыя латыскія госьці, зь якімі я размаўляў, уголас наракаюць на нізкі ўзровень міждзяржаўных узаемадачыненьняў паміж нашымі краінамі. Вось што кажа начальнік аддзела эканамічнага разьвіцьця гарадзкой думы горада Даўгаўпілса Ільля Падколзін:

(Падколзін:) “Мы, як самакіраўніцтва прымежнага рэгіёну Латвіі, вядома, вельмі зацікаўленыя ў разьвіцьці нашых бізнэс-кантактаў. На сёньняшні дзень у гэтым пляне маецца шэраг абмежаваньняў. Па-першае, гэта мяжа сама па сабе, а таксама мытнае заканадаўства. У выніку наш, у асноўным, сярэдні і дробны бізнэс, ня можа свабодна ажыцьцяўляць сваю дзейнасьць у Беларусі. Што даюць падобныя мерапрыемствы? Гэта магчымасьць знаёмства і кантакту зь мясцовымі кіраўнікамі. Да 2003 году ў Даўгаўпілса былі добрыя стасункі з горадам Віцебскам. На жаль, у апошнія 2 гады у кантактах паміж намі ўзьніклі складанасьці”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG