Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму 25 траўня ў Менску пашыраліся чуткі аб аварыі ў Чарнобылі?


Вячаслаў Кулік, Менск У Менску ў сераду множыліся чуткі аб аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі. Паводле інфармацыйна-даведачнай службы “Інфалінія”, 25 траўня на нумар 085 было найбольш тэлефанаваньняў наконт магчымага здарэньня. Менчукі цікавіліся пытаньнем, чаму жыхарам паўднёвай ускраіны сталіцы было загадана зачыніць вокны і пажадана не пакідаць кватэры?

На менскай “Інфалініі” у сераду сапраўды было горача. Па словах дзяжурных апэратараў, яны самі наводзілі даведкі ў службах выратаваньня, а пасьля давалі тлумачэньні абанэнтам.

(Апэратар службы 085:) “Так, тэлефанавалі, каб ведаць, што людзям адказваць. Яны ж задаюць пытаньні наконт таго, што адбылося і куды зьвяртацца”.

(Карэспандэнт: ) “І што вы людзям адказвалі?”

(Апэратар службы 085:) “На МЧС патэлефанавалі, нам сказалі, што ўсё ў парадку, радыяцыйны фон у норме і што павінны быць нейкія вучэньні, але заўтра”.

Прадстаўнік рэспубліканскага цэнтру прапаганды пры Міністэрстве па надзвычайных сытуацыях Алег Голубеў пацьвердзіў, што чуткі маглі спарадзіць вучэньні, але ня будучыя, а тыя, што прайшлі.

(Голубеў: ) “Учора, мажліва, былі вучэньні па грамадзянскай абароне, быццам бы Менск праводзіў. Хтосьці дзесьці краем вуха чуў. Тут ужо тэлефануюць, што аварыя ў Маскве і пад Тулай выкід аміяку і, як кажуць, узрыў рэактара пад Масквою і гэтак далей. Чаго толькі ня кажуць”.

У Камітэце па праблемах наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС тэлефонную трубку зьняў намесьнік старшыні Валеры Шаўчук.

(Шаўчук: ) “Мне цяжка камэнтаваць. Я, калі чэсна сказаць, гэтых чутак ня чуў”.

Паводле заканадаўства, абавязкі адсочваньня маніторынгу радыяцыйнага фону ўскладзеныя на Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя. Па словах яго кіраўніка Лявонція Харужыка, учора на 20 гадзінаў вечара сытуацыя была штатная.

(Харужык: ) “Якраз мне тэлефанавалі па гэтым пытаньні. Радыяцыйны фон не мяняўся. Зараз якраз ідзе навальніца над Гомляй. Ніякіх аварыяў ці надзвычайных сытуацыяў не зарэгістравана”.

Зь міністрам Харужыкам мы абмяркоўвалі экстраныя меры па інфармаваньні насельніцтва ў выпадку пагрозы аб”ектам атамнай энэргетыкі на тэрыторыі суседніх краінаў. Вось што ён паведаміў.

(Харужык: ) “У нас ёсьць аўтаматычная сыстэма кантролю за зонай уплыву атамных электрастанцыяў, якія разьмешчаныя ўздоўж нашых межаў. Яна адразу дасьць інфармацыю і, натуральна, мы папярэдзім. У нас ёсьць рэглямэнт, у адпаведнасьці зь якім мы павінныя інфармаваць усіх аб надзвычайных сытуацыях. Так што не хвалюйцеся".

Сказаў міністар прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Лявонцій Харужык. Затое ў шмат якіх іншых ведамствах ня дужа хацелі паглыбляцца ў няпростую тэму. І гэта шмат у чым тлумачыць, чаму беларусы так нэрвова зрэагавалі на чуткі аб аварыі на ЧАЭС, чаму ў апэратыўных зводках тэле-радыёпраграм не зьявілася своечасовай і кампэтэнтнай інфармацыі, адказу на пытаньне, якое ўсхвалявала краіну. Прыкладам, вось як дзяжурна рэагавалі на "чарнобыльскае", так бы мовіць, пытаньне ў выратавальнай службе Менска.

(Спадар: ) “Штаб, Шапулька, слухаю вас. Ніякая аварыі не было, па крайняй меры нам так давялі. Ператэлефануйце ў прэс-цэнтр, я вам дам тэлефон…”
XS
SM
MD
LG