Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Унікальныя архіўныя дакумэнты Напалеона Орды вярнуліся на радзіму


Сьвятлана Курс, Менск Міністэрства замежных справаў Беларусі перадало ў Іванаўскі раённы копіі музэй архіўных дакумэнтаў аб 23-гадовым парыскім пэрыядзе жыцьця Напалеона Орды – мастака, які ўвекавечыў архітэктурны пэйзаж Беларусі, амаль цалкам зьнішчаны ў XX ст. Улады Іванаўскага раёну абяцаюць аднавіць магілу Напалеона Орды, таксама зьнішчаную 25 гадоў таму пры пабудове школы.

Сёньня міністар замежных справаў Сяргей Мартынаў урачыста перадаў дэлегацыі Іванаўскага раёну архіўныя копіі перапіскі Напалеона Орды, якія трапілі ў Беларусь у выніку двухгадовай працы беларускіх дыпляматаў. Гэта першы плён дзеяньняў па вяртаньні помнікаў матэрыяльнай культуры Беларусі, вывезеных за мяжу. Цырымонію вітаньня суправаджаў заслужаны аматарскі ансамбль “Палешукі” з Іванава.

Міністар замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў падкрэсьліў:

(Мартынаў: ) "Вяртаньне гісторыка-культурных каштоўнасьцяў – дзяржаўны і патрыятычны абавязак кожнага з нас, тым больш у сытуацыі, калі з-за гістарчыных абставінаў Беларусь страціла значную частку гістарычнай спадчыны. Гэтая праца павінна насіць дзяржаўны характар".

Архіўныя дакумэнты – гэта перапіска Напалеона Орды з Адамам Міцеквічам, з паплечнікамі па паўстаньні – выявілі беларускія дыпляматы і ў выніку ўзаемадзеяньня з францускімі ўладамі вярнулі ў Беларусь.

Орда вядомы як мастак, кампазытар, піяніст, пэдагог, пісьменьнік, эўрапейскага значэньня. У 2007 годзе будуць адзначацца 200-я ўгодкі зь дня нараджэньня Орды. Беларусы абавязаныя Орду тым, што ён з крапатлівай дакладнасьцю намаляваў архітэктурны пэйзаж некалькіх дзясяткаў беларускіх гарадоў і мястэчак.

Орда нарадзіўся ў вёсцы Варацэвічы на цяперашняй Іванаўшчыне. Браў удзел у нацыянальна-вызвольным паўстаньні 1831 годзе на тэрыторыі Беларусі й Польшчы. Пасьля задушэньня паўстаньня зьехаў у Парыж, дзе пражыў 23 гады.

Каля 25 гадоў таму магілу Орды разам са старымі каталіцкімі могілкамі разбурылі камуністычныя ўлады БССР, каб пабудаваць школу.

Надгроб’е валялася на будоўлі, пакуль адзін зь мясцовых жыхароў не перадаў яго ў Пінскі краязнаўчы музэй. Я запыталася ў загадчыка аддзела культуры Іванаўскага райвыканкаму Ўладзімера Шаляговіча, ці знойдзенае месца, дзе была магіла Орды й ягоны родавы склеп.

(Шаляговіч: ) “Магіла будзе адноўленая, усё будзе адноўлена. Старажылы нам дакладна паказалі, дзе знаходзіцца склеп бацькі, маці Напалеона Орды, а побач ягоная магіла. Ёсьць арыгінал рэгістрацыі ў касьцёле. Апошнія гады жыцьця ў Варшаве Орда папрасіў сястру, каб перавезла ягоныя парэшткі ў Айчыну. Яна гэта выканала.

Да 200-годзьдзя Орды ў Варацэвічах адновяць ня толькі магілу, але й родавую сядзібу Ордаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG