Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Каляндар Свабоды – 24 траўня


Ул. інф. Што адбывалася ў сьвеце і ў Беларусі 24 траўня.

Дзень 24 траўня пазначаны ў беларускім календары імёнамі Кірыла і Мятода. 24 траўня афіцыйна адзначаецца Дзень славянскага пісьменства і культуры.

У гэты дзень у 1173 годзе пакінула сьвет Эўфрасіня Полацкая, славутая беларуская асьветніца. У часе паломніцтва на Сьвятую зямлю ігуменьня Эўфрасіня прасіла Гоаспада дазволіць ёй памерці ў Ерусаліме. Так і адбылося. Пахаваная яна ў Феадосіевым манастыры Сьвятой Багародзіцы. Мошчы сьвятой Эўфрасіні спачываюць цяпер у Спасаўскай царкве полацкага Спаса-Эўфрасінеўскага манастыра.

24 траўня 1543 году памёр Мікалай Капернік, стваральнік сучаснай астраноміі. Звычайнае школьнае пытаньне: чаму за свае погляды астраном Джардана Бруна быў спалены на вогнішчы, Галілей мусіў публічна вырачыся, а Каперніку ўсё “сыйшло з рук”? Рэч у тым, што Капернік не друкаваў свае працы і пайшоў на гэта толькі перад сьмерцю.

А за год перад тым, 24 траўня 1542 году Станіслаў Давойна стаў полацкім ваяводам. Гэта быў цікавы пэрсанаж нашае гісторыі. У 1563 годзе ён кіраваў абаронаю Полацка ад войскаў маскоўскага цара Івана Жахлівага. Абаронцы гораду маглі б вытрымаць доўгую аблогу, каб не памылкі ваяводы. Першы раз Давойна памыліўся, выправіўшы з гораду -- каб паменшыць колькасць едакоў -- дзьве тысячы сялянаў, што ўмацоўвалі сьцены. Царскія людзі палавілі іх і прымусілі паказаць лясныя ямы з гарадзкімі запасамі збожжа. Другі раз Давойна схібіў, калі адвёў абаронцаў у замак і падпаліў астрог з пасадамі. Пад прыкрыцьцём густога дыму стральцы ўварваліся ў места і перацягнулі туды гарматы. Расейскі цар дакляраваў быў пакінуць абаронцам Полацка волю і маёмасьць. А Давойна, забыўшыся, што дзяржаўнага слова ў Маскоўшчыне ніколі не трымалі, выступіў з фартэцыі з усім войскам і артылерыяй. Пасьмяяўшыся зь веры палачанаў у ягоныя абяцаньні, цар Іван Жахлівы акружыў палонных моцнай аховаю і загадаў пяць дзён не даваць ім есьці. Полацак быў зьнішчаны дазваньня. Большасьць ягоных жыхароў была пазабіваная. Ваяводу Давойну з жонкаю і дзецьмі цар адправіў у Маскоўшчыну. Разам зь імі ў Расею ў рабства было выведзена 50 тысячаў палонных. Сам Станіслаў Давойна вярнуўся на радзіму толькі праз 4 гады.

24 траўня ў розныя гады нарадзіліся рымскі палкаводзец Гай Юлі Цэзар, францускі рэвалюцыянэр Жан Поль Марат і адразу два расейскія пісьменьнікі, нобэлеўскія ляўрэаты Міхаіл Шолахаў і Іосіф Бродзкі.

Таксама 24 траўня прыйшоў на сьвет беларускі паэт Адам Русак, які прыдумаў песьню “Бывайце здаровы” ды шмат іншых вядомых у народзе твораў.
XS
SM
MD
LG