Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Стаіць сіроча Багдановіч у самым цэнтры БССР"


Валянціна Аксак, Менск У Менску ўшанавалі Максіма Багдановіча. Сьпевамі “Пагоні” ля помніка Максіму Багдановічу ў Менску, памінальнай імшой у Петрапаўлаўскім саборы за супакой душы вялікага паэта ды вечарынаю пераможцаў конкурсу маладых літаратараў Беларусі ўшанавалі сёньня чарговую гадавіну сьмерці Максіма Багдановіча.

А 12 гадзіне, у час, калі 25 траўня 1917 году ў далёкай Ялце спынілася зямное жыцьцё Максіма Багдановіча, у Менску на Траецкай гары, непадалёк ад таго месца, дзе паэт нарадзіўся, сабраліся прыхільнікі ягонага таленту. Іх было каля трох дзясяткаў. Мажліва, дождж спрычыніўся да такой нешматлікасьці. Але паэт Яўген Гучок лічыць, што прычына ў іншым.

(Гучок: ) “Месца ля помніка Багдановічу ў нас, беларусаў, ня стала месцам паломніцтва, як і месцы ля помнікаў Купалу і Коласу, у адрозьненьне, напрыклад, ад Шандара Пётэфі ў Будапэшце. Багдановіч ні ў якім разе ня меншы, чым Шандар Пётэфі, але справа ў нашых людзях. Там людзі ідуць і ідуць да помніка, гадзіны там праводзяць і нават рэвалюцыя 1956 году менавіта ад помніка Шандару Пётэфі пачалася. А ў нас сёньня ўгодкі — і вы гляньце, па пальцах можна пералічыць гэтых людзей. Ну і таму ў мяне вось такія радкі:

Стаіць сіроча Багдановіч У самым цэнтры БССР, А хто інакш бы выглядаў тут Сярод прывідаў і хімэр”.

Дырэктарка Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча Тацяна Шаляговіч глядзіць на сытуацыю больш аптымістычна. Яна сказала, што самая галоўная пашана — гэта выданьне твораў Максіма Багдановіча, якія карыстаюцца нязьменным попытам у чытачоў.

(Шаляговіч: ) “Адно з апошніх выданьняў — гэта перавыданьне трохтомніка збору твораў Максіма Багдановіча, перавыдадзенае факсымільнае выданьне “Вянка”, у пачатку чэрвеня ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” выйдзе кніжка-малютка. Яна таксама мае назву “Вянок” — гэта мініятурнае выданьне, вельмі густоўна аформленае, вельмі харошыя там вершы ўкладзеныя”.

Але, як вядома, і да сёньня ня ўсе творы Багдановіча выдадзеныя. У прыватнасьці, інтымны дзёньнік паэта застаецца ў музэі толькі ў рукапісе, які так да канца і ня здолелі расчытаць ні навуковыя супрацоўнікі, ні адмысловыя экспэрты. Друкаваць жа адны кропкі ці слова “нечытэльна” ня мае сэнсу, лічыць спадарыня Шаляговіч.

Мітынг памяці Максіма Багдановіча ля ягонага помніка завяршыўся сьпевамі несьмяротнай “Пагоні”. А ў Літаратурным музэі Багдановіча распачалася паэтычная вечарына “Страцім-лебедзь”.
XS
SM
MD
LG