Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінюст далей аказвае ціск на Саюз палякаў


Сяргей Астраўцоў, Горадня Міністэрства юстыцыі зноў запатрабавала ад Саюзу палякаў Беларусі (СПБ) паўторна правесьці 6-ы зьезд гэтай грамадзкай арганізацыі, на якім было абрана новае кіраўніцтва. Учора Саюз палякаў зьвярнуўся да міністэрства з просьбай, каб яно перагледзела гэтае сваё рашэньне, аднак просьба ўлічана не была.

Заўтра апошні дзень выкананьня рашэньня Мінюсту, які запатрабаваў за два тыдні вызначыць — дзе і калі адбудзецца новы зьезд. 12 траўня міністэрства прызнала несапраўднымі вынікі апошняга — 6-га зьезду Саюзу палякаў. У рашэньні сказана, што легітымным зьяўляецца старое кіраўніцтва СПБ на чале з Тадэвушам Кручкоўскім, якое было абрана на 5-м зьезьдзе.

Галоўная рада СПБ 14 траўня пастанавіла: “Адмовіцца ад выкананьня незаконных патрабаваньняў Міністэрства юстыцыі РБ”. Прэс-сакратар Саюзу палякаў Анджэй Пісальнік сёньня сказаў Радыё Свабода наконт адмовы мінюсту перагледзець сваё рашэньне:

(Пісальнік: ) “Мы гэта ацэньваем так, што міністэрства не хацела нават займацца аналізам сытуацыі, пераглядам рашэньня і паўторным спраўджваньнем фактаў”.

Паводле спадара Пісальніка, мінюст ня стаў займацца пераправеркай скаргаў, на падставе якіх прыняў рашэньне ануляваць вынікі 6-га зьезду.

(Пісальнік: ) “Што тычыцца скаргаў, на падставе якіх міністэрства, высьветліла, што там нібыта шматлікія парушэньні, то гэта скаргі, якія, паказаныя у фільме БТ, там відаць подпісы: уся сям’я Кручкоўскага падпісалася і набліжаныя асобы. 25 тысячаў сябраў СПБ не маглі гэтага зрабіць і не рабілі. І мы гэта бачым, бо калі ёсьць такая маса людзей, якія падтрымліваюць Кручкоўскага, то чаму яны сюды да сядзібы не прыходзяць, каб увесьці яго ў яго кабінэт?”

У міністэрстве не прымаюць адмову Саюзу палякаў паўторна праводзіць свой зьезд. Гаворыць начальнік управы грамадзкіх аб’яднаньняў мінюсту Алег Сьліжэўскі:

(Сьліжэўскі: ) “Разумееце: гаварыць — ня буду праводзіць зьезд, гэта тое ж самае, што гаварыць — ня буду выконваць заканадаўства, ня буду пераходзіць вуліцу на зялёнае сьвятло, буду пераходзіць на чырвонае. Гэта —раўнацэнная заява. Гэта парушэньне заканадаўства з выцякаючымі наступствамі”. Юрысты, якія аказваюць дапамогу Саюзу палякаў, вызначылі, аднак, што рашэньне мінюсту адносна вынікаў 6-га зьезду, мела рэкамэндацельны характар.

(Сьліжэўскі: ) “Не, адназначна, што гэта не рэкамэндацельны характар. Міністэрства юстыцыі — кантралюючы орган, ён выявіў парушэньні і ўказаў на гэтыя парушэньні грамадзкаму аб’яднаньню і ўказаў шляхі, якім чынам гэтыя парушэньні ліквідаваць. Гаварыць аб тым, што гэта рэкамэндацельны характар — беспадстаўна”.

6-ы зьезд Саюзу палякаў адбыўся 12-13 сакавіка ў Горадні. У ім удзельнічалі 286 дэлегатаў з розных рэгіёнаў Беларусі. Шляхам патаемнага галасаваньня новым кіраўніком Саюзу была абрана Анжэліка Борыс, якая ўзначальвала аддзел адукацыі СПБ.

На здымку: Анджэй Пісальнік. Фота С.Астраўцова.

Гл. таксама • "Саюз палякаў знаходзяцца пад паліцэйска-пракурорскім уціскам" • "Ужо на польска-беларускай мяжы пачынаеш адчуваць нібыта ты ў нечым вінаваты" • Прадстаўнік польскага Сойму наведаў у Горадні Саюз палякаў Беларусі
XS
SM
MD
LG