Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Алена Попчанка будзе плаваць пад францускім сьцягам


Алена Струвэ, Менск Алена Попчанка зьбіраецца выступаць за зборную Францыі раней за прадугледжаны міжнароднымі правіламі тэрмін. Чэмпіёнка сьвету ў плаваньні. Беларуская плыўчыха хоча ўжо сёлета ў ліпені выступаць за зборную Францыі. У адпаведнасьці з правіламі Міжнароднай фэдэрацыі плаваньня (FINE), спартоўка можа зрабіць гэта толькі пасьля 21 жніўня. Тым часам, колішняя гамяльчанка спадзяецца, што яе рашэньне знойдзе падтрымку як ў FINE, так і ў Беларускай фэдэрацыі плаваньня.

Ужо тры гады беларуская спартоўка Алена Попчанка жыве і трэніруецца непадалёк ад францускага Ліёну. Сёлета 22 студзеня Алена Попчанка заключыла шлюб са сваім францускім трэнэрам Фрэдэрыкам Вэрнэ. Незадоўга да гэтай падзеі Алена заявіла журналістам, што любіць гасьцінную Францыю і цэніць францускае плаваньне, а таму мае намер атрымаць францускае грамадзянства і да Алімпіяды-2008 далучыцца да францускай нацыянальнай зборнай.

У адпаведнасьці з правіламі FINE, падобнае далучэньне спартоўца да іншай нацыянальнай зборнай цалкам магчымае. Пасьля атрыманьня іншага грамадзянства спартовец мае права прадстаўляць новую нацыянальную зборную прынамсі праз год пасьля выступу ў сваёй мінулай камандзе. Як правіла, разьлік вядзецца ад апошняга дня тых ці іншых міжнародных спаборніцтваў. У выпадку з Попчанкай гэта 21 жніўня 2004 году — дзень завяршэньня Алімпійскіх гульняў у Афінах. Пасьля гэтага 25-гадовая спартоўка больш не прадстаўляла Беларусь. Ад удзелу ў чэмпіянаце 2004 году ў Вене яна адмовілася. Тады галоўны трэнэр зборнай Беларусі Натальля Шаламіцкая тлумачыла: “Попчанка вырашыла адпачыць, каб лепш падрыхтавацца да чэмпіянату сьвету ў Манрэалі ў ліпені 2005-га”.

Як вынікае зь сёньняшніх паведамленьняў эўрапейскіх спартовых агенцтваў, Попчанка, сапраўды рыхтуецца да Манрэалю, аднак у складзе францускай зборнай. Адзіная прынцыповая перашкода — чэмпіянат пачынаецца 17 ліпеня. Але і Алена, і яе муж і трэнэр Фрэдэрык Вэрнэ разьлічваюць, што ў гэтым выпадку гадавы тэрмін FINA будзе скарочаны і што падобнае рашэньне знойдзе падтрымку ў беларускай фэдэрацыі плаваньня.

Як паведаміў “Свабодзе” старшыня беларускай фэдэрацыі плаваньня Сяргей Мацьвіенка, у Менску пра такое рашэньне Алены Попчанкі чуюць упершыню.

(Мацьвіенка: ) “Такой працэдуры, як паскарэньне тэрміну пераходу ў іншую зборную, дарэчы, няма. Усё гэта, аднак, узгадняецца на ўзроўні фэдэрацыяў — францускай, беларускай, міжнароднай. Да мяне пакуль ніхто не зьвяртаўся. Гэта выключна рашэньне Алены. Яна закахалася, выйшла замуж, і гэта яе пытаньні. У нас шмат спартоўцаў заключаюць шлюбы з замежнікамі. З гэтага ня трэба рабіць трагедыі. Мы кантактуем з Аленай, яна нам тэлефануе ў фэдэрацыю, мы з мужам знаёмыя. Мы ведаем адзін аднаго”.
XS
SM
MD
LG