Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Жодзіне распачалі галадоўку моладзевыя дэмакратычныя актывісты


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць Яны пратэстуюць супраць выключэньня іх з навучальных установаў. У Беларусі апошнія дзесяць гадоў галадоўку як форму пратэсту неаднаразова выкарыстоўвалі прадстаўнікі палітычных і грамадзкіх арганізацыяў, прадпрымальнікі, журналісты, рабочыя, шараговыя грамадзяне. Сярод тых, хто галадаваў, такія асобы. як зьніклы дзеяч Віктар Ганчар, апазыцыйныя палітыкі Юры Хадыка, Мікола Статкевіч, Вячаслаў Сіўчык, бізнэсовец Мікалай Аўтуховіч, працаўнікі недзяржаўнага прадпрыемства “ЮКІ”, рэдактар недзяржаўнай “Местной газеты” Андрэй Шантаровіч і іншыя.

У Жодзіне ад сёньняшняга дня галадуюць чацьвёра хлопцаў: Зьміцер Чарткоў, Аляксандар Вінаградаў, Яўген Валкавец і Сяржук Мурашка. Яны праводзяць акцыю на прыватнай кватэры па вуліцы Гагарына. Вось як патлумачыў мэты акцыі лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч:

(Дашкевіч: ) “Галадоўка бестэрміновая. Абвешчаная супраць таго, што моладзь, ня толькі студэнтаў, але нават школьнікаў, выганяюць з навучальных установаў. Па сутнасьці, адбіраюць канстытуцыйнае права грамадзянаў Рэспублікі Беларусь на атрыманьне адукацыі”.

Паводле лідэра мясцовай суполкі “Маладога фронту” Паўла Красоўскага, з навучальных установаў выключаныя сем жодзінцаў. І ўсе яны, як ён лічыць, з палітычных матываў:

(Красоўскі: ) “Першым быў Савіч Сяржук, які быў адлічаны з Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь. Ён прыйшоў 1 верасьня на заняткі, а 2 верасьня яму паказалі паперу аб адлічэньні, прымусілі яго забраць дакумэнты. Наступным крокам было адлічэньне мяне, Паўла Красоўскага. Мяне адлічылі за ўдзел у акцыі 18—19 кастрычніка. Я адседзеў дзесяць сутак. Я прыехаў дадому, і праз тры дні мне прыйшла позва. Я вучыўся ў пэдунівэрсытэце Максіма Танка”.

Апроч Сержука Савіча ды Паўла Красоўскага, выключаныя з навучальных установаў Зьміцер Чарткоў, Алесь Смольскі, Сяржук Мурашка, Яўген Валкавец, Павал Каранюхін. Трое зь іх распачалі галадоўку. Вось што паведаміў на гэты конт 25-гадовы Зьміцер Чарткоў, якога адлічылі з Акадэміі мастацтваў:

(Чарткоў: ) “На мяне пачаўся ціск. Мяне вымусілі, каб я забраў дакумэнты. Таму што мяне хацелі прызнаць прафэсійна непрыдатным. Я навучаўся на рэжысуры, але мне паставілі прафэсійную непрыгоднасьць. Чаму мной прынята рашэньне пра галадоўку? А таму што ўлады па-іншаму не рэагуюць. На заявы яны не адказваюць, ніякіх тлумачэньняў яны не даюць. Адсылаюць усіх невядома куды”.
XS
SM
MD
LG