Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларускі прафсаюз выключылі зь Міжнароднай фэдэрацыі


Ігар Карней, Менск У часе паседжаньня выканкаму Міжнароднай фэдэрацыі мэталістаў у Вене было вырашана выключыць са складу гэтай усясьветнай арганізацыі беларускі Рэспубліканскі прафсаюз аўтамабільнага і сельскагаспадарчага машынабудаваньня (АСМ). Сярод прычынаў называюцца адыход ад дэмакратычных прынцыпаў, незаконнае зьмяшчэньне з пасады былога лідэра галіновага прафсаюзу Аляксандра Бухвостава і згодніцкая палітыка зь беларускімі ўладамі.

Паводле афіцыйных зьвестак, Міжнародная фэдэрацыя мэталістаў аб’ядноўвае больш за 20 мільёнаў чалавек. Днямі гэтая статыстыка была адкарэктаваная: амаль адзінагалосна з фэдэрацыі выключаны беларускі Рэспубліканскі прафсаюз аўтамабільнага і сельскагаспадарчага машынабудаваньня. Сьведкам пільнай увагі да Беларусі застаецца былы ўжо старшыня галіновага прафсаюзу АСМ Аляксандар Бухвостаў. Сёньня ў Вене кангрэс фэдэрацыі працягнуў сваю працу.

(Бухвостаў: ) “Якраз цяпер ідзе кангрэс Міжнароднай фэдэрацыі мэталіста,: выступае прэзыдэнт фэдэрацыі, і я вам адказваю…”

Я пацікавіўся, што зьявілася падставай да выключэньня Рэспубліканскага прафсаюзу аўтамабільнага і сельскагаспадарчага машынабудаваньня з шэрагаў міжнароднай арганізацыі?

(Бухвостаў: ) “Тое, што яны здрадзілі прынцыпам незалежнасьці і дэмакратычнасьці, прынцыпам Міжнароднай фэдэрацыі мэталістаў. Яны недэмакратычна пазбавілі пасады свайго лідэра, стаўшы залежнымі ад дзяржавы”.

Год таму на тэрмінова скліканым з ініцыятывы беларускіх уладаў і кіраўніцтва Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі пазачарговым зьезьдзе Аляксандар Бухвостаў быў зьняты з пасады старшыні галіновай арганізацыі. Ня згодныя з падобным рашэньнем сябры прафсаюзу стварылі новую структуру — Незалежны прафсаюз АСМ і абралі Бухвостава сваім лідэрам. Правамоцнасьць звальненьня Бухвостава і перасьлед шэрагу актывістаў АСМ трапілі ў цэнтар увагі Камісіі Міжнароднай арганізацыі працы, якая неўзабаве засьведчыла сыстэматычныя парушэньні правоў прафсаюзаў у Беларусі. Аляксандар Бухвостаў перакананы, што рашэньне аб выключэньні прафсаюзу АСМ зь Міжнароднай фэдэрацыі мэталістаў — лягічнае завяршэньне той гісторыі. Супраць такога рашэньня, па словах спадара Бухвостава, выступалі толькі асобныя прадстаўнікі Расеі.

(Бухвостаў: ) “Самы вялікі горна-мэталюргічны прафсаюз Расеі на чале са старшынём Тарасенкам падтрымаў ініцыятыву, ён выступаў за тое, каб выключыць прафсаюз АСМ. Два іншыя расейскія прафсаюзы трымаліся меркаваньня, што трэба пачакаць і даслаць папярэдне ў Беларусь камісію. Але бальшынёй галасоў АМС быў выключаны з шэрагаў Міжнароднай фэдэрацыі мэталістаў”.

(Карэспандэнт: ) “Ці будзе ўсё ж прафсаюз адноўлены ў Міжнароднай фэдэрацыі мэталістаў?”

(Бухвостаў: ) “Будзе пасьля таго, як ён стане дэмакратычным і незалежным прафсаюзам”.

Варта зазначыць, што ў свой час дзякуючы настойлівасьці Аляксандра Бухвостава Рэспубліканскі прафсаюз аўтамабільнага і сельскагаспадарчага машынабудаваньня адным зь першых у СНД быў прыняты ў Міжнародную фэдэрацыю мэталістаў.Аднак сяброўства аказалася нядоўгім.

У Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі адмовіліся пракамэнтаваць гэтую сытуацыю, спаслаўшыся на тое, што іх кіраўнік, Леанід Козік, знаходзіцца ў камандзіроўцы ва Ўкраіне, а безь яго ніякай афіцыйнай рэакцыі ня будзе. Пры гэтым зазначылі, што з Кіева спадар Козік вяртаецца заўтра.
XS
SM
MD
LG