Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Натальля Падольская на фэстывалі “Магутны Божа” сьпявала беларускую песьню


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў У Магілёве гэтымі днямі праходзіць 13-ты міжнародны фэстываль духоўнай музыкі “Магутны Божа”. Сёлета ягоная праграма даволі сьціплая, але арганізатары абяцаюць новы творчы ўздым на юбілейным, 15-м фэстывалі. Яны не выключаюць, што на яго можа быць запрошана Натальля Падольская, якая брала ўдзел у адным зь першых фэстываляў “Магутны Божа”.

Арганізатары фэстывалю духоўнай музыкі “Магутны Божа” ганарацца тым, што ў ім калісьці брала ўдзел ўраджэнка Магілёва Натальля Падольская, цяпер вядомая сьпявачка і ўдзельніца “Эўрабачаньня-2005” у Кіеве. Гэта было на адным зь першых фэстываляў. Натальля выступала ў складзе вядомай у Магілёве дзіцячай музычнай студыі, якая зрабіла адмысловую праграму для фэстывалю “Магутны Божа” з народнымі і духоўнымі сьпевамі ў сучаснай апрацоўцы.

Маці Натальлі Ніна Падольская гаворыць, што дачка памятае пра сваё выступленьне на магілёўскім фэстывалі:

(Падольская: ) “Канечне, памятае. Гэта ж не шараговы канцэрт, а прэстыжны фэстываль. Яна тады сьпявала ў складзе калектыву “Дубль В”. Яны шмат пелі беларускіх песень, у тым ліку і “Рэчаньку”, якая ўвайшла ў яе альбом”.

А пробашч і дэкан Магілёўскі, адзін з заснавальнікаў фэстывалю “Магутны Божа” Раман Факсіньскі прыгадвае, што Натальля Падольская сьпявала рэлігійную беларускую песьню:

(Факсіньскі: ) “Матачка Божая” сьпявала. Беларуская песьня з нашага зборніку каталіцкага. Добры быў твор, і добра сьпявала на беларускай мове “Матачку Божую”.

Вось што гаворыць дырэктар фэстывалю “Магутны Божа”, кіраўніца ўправы культуры Магілёўскага гарвыканкаму Антаніна Шаркова пра магчымы ўдзел у фэстывалі Натальлі Падольскай:

(Шаркова: ) “Прыехаць яна ня зможа, таму што ў яе вельмі шчыльны графік. Яна нават ня будзе прымаць удзелу ў канцэрце “Фабрыкі зорак”, яна ня зможа прыехаць. Але ў пэрспэктыве — чаму не? Мы асноўныя нашыя надзеі ўскладаем на 15-ты фэстываль, юбілейны”.

Магілёўцы перажывалі за сваю зямлячку Натальлю Падольскую, калі яна выступала на Эўрабачаньні, хоць яна і прадстаўляла Расею. Гараджане прыхільна ставяцца да маладой сьпявачкі, мясцовая прэса часта піша пра яе маскоўскае жыцьцё, хаця ніхто чамусьці не зьдзіўляецца, што трэба паехаць у расейскую сталіцу, каб выбіцца ў зоркі.

Ніна Падольская гаворыць, што Натальля была заклапочаная вынікамі свайго ўдзелу ў Эўрабачаньні, бо яна і яе каманда разьлічвалі на больш высокае месца. Цяпер у сьпявачкі шмат працы, але ў першыя дні чэрвеня яна прыедзе ў Беларусь, паведаміла маці Натальлі. Аднак ня дзеля выступленьняў перад шырокай публікай: паводле Ніны Падольскай, яе дачка запрошана на прыём да Аляксандра Лукашэнкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG