Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выкладчык сельгасакадэміі, грамадзянін Нікарагуа, атрымаў 5 гадоў


Марыя Ўсьціновч, Горкі Горацкі раённы суд вынес прысуд у справе выкладчыка Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, грамадзяніна Нікарагуа спадара Хасэ Эрнандэса. Ён прызнаны вінаватым у хабарніцтве і асуджаны да 5 гадоў і 2 месяцаў пазбаўленьня волі.

Хасэ Эрнандэс вучыўся ў сельгасакадэміі, а потым атрымаў кантракт на працу выкладчыка. Ён жыве ў Беларусі шмат гадоў, і апошнім часам кантактаваў з грамадзкімі актывістамі Горак, дапамагаў ім наладзіць сувязі з замежнымі журналістамі, даваў парады незалежным кандыдатам у дэпутаты.

Выкладчыка затрымалі ў студзені ў зьвязку з падазрэньнямі на хабарніцтва. А цяпер суд палічыў даказаным, што спадар Эрнандэс браў грошы ад студэнтаў. Паводле горацкага журналіста Эдуарда Брокарава, які сачыў за судовым працэсам, сьведкаў у справе замежнага выкладчыка дастаўлялі ў суд прымусова, паколькі ў першы дзень судовага разбору добраахвотна прыйшоў толькі адзін сьведка з дванаццаці выкліканых.

Спадар Эрнандэс сваёй віны не прызнаў, але адмовіўся падаваць касацыйную скаргу, паколькі лічыць, што наступная судовая інстацыя ня зьменіць прысуд.
XS
SM
MD
LG