Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Леванеўскі патрабуе адстаўкі начальніка і пагражае галадоўкай


Алег Грузьдзіловіч, Менск Лідэр страйкаму прадпрымальнікаў Валер Леванеўскі пагражае галадоўкай, калі ня будуць разгледжаныя ягоныя скаргі на дзеяньні турэмнай адміністрацыі і калі з пасады кіраўніка Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Міністэрства ўнутраных справаў ня здымуць Уладзімера Коўчура.

Валер Леванеўскі са сваёй калёніі ставіць пытаньне пра адстаўку непасрэднага начальніка над усімі беларускімі турмамі Ўладзімера Коўчура. Прэтэнзіі спадара Леванеўскага да Коўчура выклаў для Радыё Свабоды сын вязьня Ўладзімер:

(Леванеўскі: ) “Мой бацька лічыць, што начальнік Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў не выконвае сваіх абавязкаў. Ён павінен сачыць за выкананьнем дзейнага заканадаўства ў калёніях і турмах Беларусі, але гэтага ня робіць. Бацька даслаў шмат скаргаў і заяваў у дэпартамэнт, але адказаў гэтак і не атрымаў. Ён лічыць, што менавіта з-за гэтага чалавека не разглядаюць ягоных лістоў”.

Да спадара Коўчура Валер Леванеўскі зьвяртаўся, каб абскардзіць пакараньні, якія наклала на яго адміністрацыя Івацэвіцкай калёніі нібыта за парушэньні турэмнага рэжыму. Спадар Леванеўскі лічыць іх незаконнымі, між тым, з-за гэтых пакараньняў яго могуць пазбавіць права на амністыю. Раней ён спрабаваў абскардзіць гэтыя пакараньні таксама праз суд, але судзьдзі вырашылі, што гэта ня ў іх кампэтэнцыі. Уладзімер Коўчур таксама не дапамог вязьню. І цяпер Валер Леванеўскі патрабуе ягонай адстаўкі. У выпадку невыкананьня ягоных патрабаваньняў аб разглядзе скаргаў і адстаўцы Коўчура гарадзенскі прадпрымальнік плянуе з 1 чэрвеня распачаць галадоўку.

Уладзімер Коўчур спакойна паставіўся да гэтых патрабаваньняў. “Мяне ёсьць каму здымаць безь Леванеўскага. Калі кожны з 50 тысяч зьняволеных будзе патрабаваць маёй адстаўкі, невядома што пачнецца”, — заявіў Радыё Свабода кіраўнік Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Міністэрства ўнутраных справаў. Наконт прэтэнзіяў пра адсутнасьць рэакцыі на скаргі Леванеўскага Ўладзімер Коўчур зазначыў:

(Коўчур: ) “На некаторыя адказваў, на некаторыя мой намесьнік мог адказваць. Правільна будзе сказаць гэтак, што на ўсе ягоныя скаргі ў дэпартамэнт адказы дадзеныя, а за якім подпісам, гэта, прабачце, ужо мне вырашаць”.

Што да папярэджаньня Валера Леванеўскага пра галадоўку, то Ўладзімер Коўчур сказаў, што гэта права любога вязьня.

Валер Леванеўскі знаходзіцца ў зьняволеньні з 15 траўня 2004 году. Ён быў асуджаны на два гады калёніі паводле артыкулу аб паклёпе на прэзыдэнта. Паклёпам судзьдзі палічылі словы, якія Леванеўскі напісаў ва ўлётцы напярэдадні мітынгу гарадзенскіх прадпрымальнікаў: “Прыйдзі і скажы, што ты супраць таго, каб нехта за твой кошт езьдзіў у Аўстрыю адпачываць, катацца на лыжах, жыць у сваё задавальненьне”. У калёніі Валер Леванеўскі ўжо двойчы трымаў галадоўкі, дамагаючыся выкананьня сваіх правоў.
XS
SM
MD
LG