Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарговая судовая справа супраць “Народнай Волі”: Гайдукевіч патрабуе 200 мільёнаў рублёў


Ганна Соусь, Менск Cудзьдзя Ленінскага раёну Менску Любоў Валевіч выклікала на размову галоўнага рэдактара “Народнай Волі” Іосіфа Сярэдзіча і дэпутата Палаты прадстаўнікоў Сяргея Гайдукевіча, які патрабуе ад газэты 200 мільёнаў рублёў кампэнсацыі за публікацыю ў газэце артыкула “Ліст Гайдукевіча. І факс Гайдукевічу”. У выніку судовыя слуханьні ў гэтай справе перанесеныя на 3 чэрвеня.

Чарговая судовая справа супраць “Народнай Волі” выклікала шырокі грамадзкі розгалас. Сёньня ў суд прыехалі некалькі дзясяткаў журналістаў, прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацыяў і амбасады Польшчы. Але сустрэча судзьдзі Любові Валевіч з Іосіфам Сярэдзічам, Сяргеем Гайдукевічам і іхнымі адвакатамі вялася за зачыненымі дзьвярыма. Намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец, які прадстаўляе інтарэсы “Народнай Волі” ў судзе, патлумачыў для Радыё Свабода сутнасьць пазову:

(Бастунец: ) “Сутнасьць справы ў факсе, копія зь якога была надрукаваная ў “Народнай Волі”. Гаворка ідзе пра запазычанасьці і пра адносіны, якія Лібэральна-дэмакратычная партыя мела з Іракам, з Хусэйнам па праграме “Нафта ў абмен на харчаваньне”. Гайдукевіч сьцьвярджае, што такога факса, які надрукавала “Народная воля”, не было, што ён сфальсыфікаваны. Зразумела, што Сярэдзіч і “Народная Воля” з гэтым ня згодныя. Судовы працэс і павінен высьветліць, хто мае рацыю”.

Першым з кабінэту судзьдзі выйшаў галоўны рэдактар “Народнай Волі“ Іосіф Сярэдзіч.

(Сярэдзіч: ) “Судовы працэс пачнецца 3 чэрвеня”.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы ацэньваеце сам працэс?”

(Сярэдзіч: ) “Як выйгрышны для “Народнай Волі”, як самы гучны за апошнія дзесяцігодзьдзі. Гэты працэс патрэбен не “Народнай Волі”, і можа, нават не Гайдукевічу. Ён патрэбен грамадзтву. Ён патрэбен дзяржаве. Ён патрэбен дзейнай уладзе”.

А вось як пракамэнтаваў для Радыё Свабода судовую справу лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Гайдукевіч.

(Гайдукевіч: ) “Шкада “Народную Волю”? Мне таксама шкада. Ня трэба фальшывак друкаваць. Прыйшоў факс з Іраку, як яны сьцьвярджаюць, зь пячаткай амбасады ў Менску на ангельскай мове на тэлефон партыі. Так што, у мяне амбасадар у штабе стаяў? Няўжо ёсьць такія блянкі ў ірацкай амбасадзе, якія яны прадставілі? На жаль, Іосіф Паўлавіч Сярэдзіч мог азнаёміцца і ня браць фальшывак у людзей, якія зьяўляюцца сексотамі на службе ў КДБ”.

Сёньняшняе паседжаньне было перанесенае з той прычыны, што ня ўсе дакумэнты, прадстаўленыя суду бакамі, былі перакладзеныя з ангельскай мовы.

Намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Эдуард Мельнікаў кажа пра беспрэцэдэнтны ціск з боку ўладаў на газэту “Народная Воля” ды іншыя незалежныя мэдыі.

(Мельнікаў: ) “Тут двух думак быць ня можа. “Народная Воля” як самая буйная, самая аўтарытэтная газэта — як бяльмо ў воку ўлады. Са старонак “Народнай Волі” людзі даведваюцца пра тое, што насамрэч адбываецца ў Беларусі. За мінулыя 1,5—2 гады зачынена рознымі мэтадамі — сілавымі, судовымі, пазасудовымі — каля 20—25 незалежных газэтаў у рэгіёнах. Таму гэта толькі фрагмэнт агульнага малюнку”.

Нагадаем, што 18 траўня галоўны рэдактар “Народнай Волі” Іосіф Сярэдзіч атрымаў афіцыйнае папярэджаньне ад генэральнай пракуратуры за распаўсюд інфармацыі ад імя незарэгістраваных грамадзкіх аб’яднаньняў. Маецца на ўвазе публікацыя сьпісу подпісаў пад зваротам руху “Воля народу”, які ўзначальвае экс-рэктар БДУ Аляксандар Казулін. Гэтаксама восем жыхароў Салігорску і Глуску падалі ў суд пазовы з патрабаваньнямі ад “Народнай Волі” матэрыяльнай кампэнсацыі — разам на 220 мільёнаў рублёў. Яны сьцьвярджаюць, што не падпісваліся пад зваротам руху “Воля народу”. Суды ў гэтых справах адбудуцца ў чэрвені. У зьвязку з гэтым на мінулым тыдні “Народная Воля” атрымала папярэджаньне Міністэрства інфармацыі за публікацыю несапраўдных зьвестак. Яшчэ раней “Народную Волю” папярэдзілі за тое, што яна апублікавала назву незарэгістраванага руху Алега Воўчака.
XS
SM
MD
LG