Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На якой падставе супрацоўнікі КГБ могуць бяз санкцыі пракурора ўвайсьці ў любы дом?


Алег Грузьдзіловіч, Менск У Беларусі пачаў дзейнічаць закон аб “Аб органах дзяржаўнай бясьпекі”, які правабаронцы і апазыцыя ўжо назвалі “чарговым камянём” у будоўлі таталітарнай сыстэмы сталінскага тыпу. Між тым ў Палаце Прадстаўнікоў лічаць, што новая рэдакцыя закону адказвае на сучасныя пагрозы і Беларусь ідзе ў рэчышчы сусьветнай тэндэнцыі. Што зьменіцца ў жыцьці беларусаў з увядзеньнем гэтага законe?

Новая рэдакцыя закону “Аб органах дзяржаўнай бясьпекі” надае больш шырокія правы апэратыўным службам. Цяпер яны могуць пранікаць ў жытло грамадзяніна ці ў офіс арганізацыі, нават замежнай, ня маючы санкцыі пракуратуры. Дазвол пракурора ўвогуле непатрэбны, дастаткова будзе толькі цягам сутак праінфармаваць пракурора, што пранікненьне адбылося ў апэратыўных мэтах. “Калі мы нічога ня знойдзем, папросім прабачэньня”, – гэтак былы старшыня КГБ Леанід Ерын адказаў журналістам на пытаньне, якое пакараньне напаткае чэкістаў у выпадку памылкі.

Другім істотным новаўвядзеньнем закону ёсьць права спэцслужбы ўкараняць ў любую арганізацыю сваіх тайных агентаў. Калі ж іх нехта рассакрэціць, законам прадугледжаная крымінальная адказнасьць. Мерка пакараньня -- да 5 гадоў турмы. Столькі ж атрымлівае той, хто абнародаваў дзяржаўны сакрэт...

Закон дзейнічае ўжо больш за тыдзень. Ці вы ўжо адчулі на сабе ягонае дзеяньне, спытаў я ў генерал-лейтэнанта міліцыі Мечыслава Грыба, аднаго з лідараў апазыцыі, былога сьпікера Вярхоўнага Савету. Спадар Грыб перакананы, што асабіста ягоны тэлефон даўно праслухоўваюць , а ў выпадку патрэбы спэцслужбы могуць лёгка пранікнуць ў кватэру

(Грыб: ) “Я не выключаю, што такое можа здарыцца . Зрабіць гэта ніколькі не складана, бо маю кватэру ахоўваюць міліцыянты з дэпартамэнту аховы Міністэрства ўнутраных справаў, гэта людзі ў пагонах і зь імі дамовіцца спэцслужбам ня цяжка. Могуць прыйсьці, каб паглядзець, нешта праверыць. Але пакуль, каб я некага злавіў за руку, такога не было”.

Асабіста Мечыслаў Грыб супраць таго, каб у органаў дзяржаўнай бясьпекі было неабмежаванае права пранікаць ў кватэры грамадзянаў. Мечыслаў Грыб перакананы: гэта прывядзе да злоўжываньняў, парушыць правы людзей на тайну ўласнага жыцьця і спрычыніцца да ўзмацненьня палітычных рэпрэсіяў у краіне.

Паводле Мечыслава Грыба, у сярэдзіне 1990-х гадоў, калі ён узначальваў камісію па нацыянальнай бясьпецы Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, спэцслужбы таксама рабілі спробы пашырыць свае правы за конт правоў грамадзянаў, але тая атака была адбітая. Былы дэпутат нагадаў, як ўдалося гэта зрабіць.

(Грыб: ) “Мы ж былі людзі вольныя, хоць парлямэнт быў чырвоным, але нас была вялікая грамада, 347 чалавек, усе разумелі, што ня мусіць быць арганізацыі, якая нікому не падпарадкаваная. І мы рабілі адпаведныя захады”.

Між тым цяперашнія парлямэнтары ня лічаць, што новая рэдакцыя закону “Аб органах дзяржаўнай бясьпекі” пагражае правам людзей. Сярод такіх палітыкаў кіраўнік камісіі Савета Рэспублікі Мікалай Чаргінец . Ён перакананы: Беларусь ідзе шляхам заходніх дэмакратый, якія сутыкнуліся з пагрозай тэрарызму і зрабілі заканадаўства больш жорсткім. Мікалай Чаргінец не падзяляе думку, што дзякуючы новай рэдакцыі закону беларускія спэцслужбы выходзяць з-пад кантролю .

(Чаргінец: ) “Таму адна зь мераў гэта тое, што яны мусяць браць санкцыю пракурора да таго, як праніклі ў закрытае памяшканьне. Але бываюць неадкладныя выпадкі. Прыкладам, злачынства працягваецца, пакуль знойдзеш санкцыю пракурора, чалавека заб’юць ці іншае што здарыцца. Таму дазволена бяз санкцыі дзейнічаць, але абавязкова праінфармаваць потым пракурора, які правярае законнасьць дзеяньняў”.

Але ці ёсьць падставы верыць, нібыта пракуратура паўстане на абарону правоў людзей, якія лічаць, што іх правы парушаныя? У апошнія гады ў Беларусі было шмат выпадкаў, калі адпаведныя звароты грамадзянаў заставаліся без выніку. Часьцей за іншых гэтае зьведвалі лідэры апазыцыі . Прыкладам, не дамогся ўзбуджэньня крымінальнай справы старшыня АГП Анатоль Лябедзька, якога да страты прытомнасьці зьбілі амапаўцы, альбо былы міністар Міхаіл Марыніч, зь якім у калёніі здарыўся інсульт. Іх скаргі выніку ня мелі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG