Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што дала прадпрымальнікам спрошчаная працэдура гігіенічнай рэгістрацыі тавараў


Галіна Абакунчык, Менск У Беларусі спрошчаная працэдура ў справе гігіенічнай рэгістрацыі тавараў для індывідуальных прадпрымальнікаў. Такому рашэньню міністэрства аховы здароўя папярэднічала распараджэньне кіраўніка краіны “Аб неадкладных мерах па падтрымцы прадпрымальніцтва”. Аднак прадпрымальнікі сьведчаць, што на практыцы гэты дакумэнт працуе толькі часткова

Распараджэньне “Аб неадкладных мерах па падтрымцы прадпрымальніцтва” тычылася менавіта працэдуры гігіенічнай рэгістрацыі і зьявілася ў сакавіку, пасьля шэрагу акцыяў індывідуальных прадпрымальнікаў. Акрамя пратэсту супраць дадатковага падатку, гандляры выказвалі незадаволенасьць сыстэмай сэртыфікацыі якасьці тавараў, якая вымагала шмат часу і грошай. У выніку быў падоўжаны тэрмін дзеяньня пасьведчаньня аб гігіенічнай рэгістрацыі, адмененая плата за ягоную выдачу, заключаныя міждзяржаўныя пагадненьні з Малдовай, Украінай і Расеяй, паводле якіх гігіенічная рэгістрацыя тавараў у гэтых краінах ёсьць сапраўднай і ў Беларусі. Аднак скарыстацца гэтымі юрыдычнымі палёгкамі на практыцы надзвычай складана, кажа прадпрымальніца, сябра Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Кацярына Чыжык.

(Чыжык: ) “Усе бюракратычныя замарочкі застаюцца. На расейскай фірме, калі я набываю там тавар, даюць увесь пакет дакумэнтаў, у тым ліку сэртыфікат пра гігіенічную рэгістрацыю. Учора прыходжу ў наш Цэнтар гігіены і кажу: выпішыце на гэтай аснове беларускае пасьведчаньне. А яны адказваюць – у вас павінна быць натарыяльная сьведчаньне гэтых дакумэнтаў... І столькі замарочак, што атрымліваецца -- яны хочуць праводзіць сваё дасьледаваньне, каб зрываць грошы. Увогуле, мы пастаўленыя ў такія ўмовы, што няма жаданьня з усім гэтым вазіцца”.

Паводле спадарыні Чыжык, гігіенічнае дасьледаваньне тавару каштуе ў сярэднім 80 тысячаў рублёў. Як сьведчаць лідэры прадпрымальніцкага руху, гігіенічнай рэгістрацыі перашкаджае таксама перабольшаная патрабавальнасьць органаў кантролю. Дарэчы, гэтага не адмаўляюць нават прадстаўнікі ўладных структураў. Вось што кажа намесьнік міністра аховы здароўя Міхаіл Рымжа.

(Рымжа:) “Што тычыцца перадузятасьці, то, на жаль, гэта ёсьць. Іншая рэч, што мы пра гэта ня ведаем. Будзем ведаць – будзем разьбірацца”.

Лідэр грамадзкай арганізацыі прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка выказваецца яшчэ больш пэсымістычна. І ня толькі адносна палёгкі ў гігіенічнай рэгістрацыі -- усяго далейшага разьвіцьця прадпрымальніцтва. Паводле яго, дзяржаўная праграма падтрымкі камэрсантаў і бізнэсоўцаў – фасад, за якім працягваецца юрыдычны перасьлед і фінансавае рабаваньне прадпрымальнікаў. Гэткага ж меркаваньня трымаецца таксама лідэрка жаночага дэмакратычнага руху Людміла Пеціна. Паводле ініцыятывы гэтага руху, днямі ў Беларусі прайшоў бізнес-форум жанчын-прадпрымальніцаў.

(Пеціна: ) “Мы гаварылі пра праблемы разьвіцьця: пра заканадаўчыя, адміністрацыйныя бар”еры й прыйшлі да высновы, што ў Беларусі неспрыяльнае асяродзьдзе для разьвіцьця бізнэсу. Яно не спрыяльнае, як для жанчын, так і для мужчын. Калі ня будуць вырашаныя тыя праблемы, якія зараз існуюць – зараз нэта праблема з ПДВ – то прадпрымальніцтва будзе зьмяншацца. Гэта паказваюць усе дасьледаваньні.”

Гаварыла лідэрка жаночага дэмакратычнага руху Людміла Пеціна. Як сьцьвярджаюць адмыслоўцы, чарговым этапам банкруцтва прадпрымальнікаў стануць штрафныя санкцыі за нявыплаты падатку на даданую вартасьць зь 1 ліпеня. Нагадаю, што гэтаму папярэднічаў доўгатэрміновы страйк камэрсантаў, якія патрабавалі адмяніць падатак, уведзены напачатку году. Але ўлады настаялі на сваім рашэньні...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG