Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БГ, "Сплин" і "Lady Pank" – на беларускай Свабодзе (real audio)


Аляксей Знаткевіч, Прага, і Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Новая перадача сэрыі “Госьць на Свабодзе”. Сёньня – другі выпуск, прысьвечаны адносінам паміж палітыкай і рок-музыкай. У перадачы гучаць меркаваньні Аляксандра Васільева і Барыса Грабеншчыкова з расейскіх гуртоў “Сплин” і “Аквариум”, ды Януша Панасэвіча з польскага гурту “Lady Pank”.

(Знаткевіч: ) “Пры канцы мінулага году шэраг расейскіх рок-музыкаў падпісаўся пад лістом да Аляксандра Лукашэнкі ад праваабарончай арганізацыі “Міжнародная амністыя” з заклікам вызваліць Аляксандра Васільева і Валера Леванеўскага. Лідэры гарадзенскіх прадпрымальнікаў атрымалі па два гады зьняволеньня за абразу Лукашэнкі. Суд палічыў зьнявагай верш на ўлётцы, якую раздавалі прадпрымальнікі.

Сярод тых хто падпісаўся пад лістом “Міжнароднай амністыі”, быў лідэр гурту “Сплин” і цёзка аднаго зь вязьняў Аляксандар Васільёў, лідэр гурту “Аквариум” Барыс Грабеншчыкоў і лідэр гурту “Ленинград” Сяргей Шнуроў. Адказу на гэты ліст “Міжнародная амністыя” не атрымала. Я запытаўся ў Барыса Грабеншчыкова, ці разьлічваў ён, што подпісы вядомых музыкаў, у прыватнасьці ягоны, могуць неяк паўплываць на дзеяньні беларускай улады”.

(Грабеншчыкоў: ) “Ведаеце, калі б я быў у складзе арганізацыі "Міжнародная амністыя", тады б я мог разьлічваць ці не разьлічваць. У гэтым выпадку я ім дапамагаю тым, чым магу. З майго гледзішча, саджаць людзей за напісаньне нават дурнаватых вершаў, гэта ня дужа разумна”.

(Знаткевіч: ) “Гэтыя ж, а таксама іншыя расейскія рок-музыкі далучыліся да кампаніі “Міжнароднай амністыі,” якая намагаецца зрабіць Эўропу і Сярэднюю Азію зонай вольнай ад сьмяротнага пакараньня. Сярод іншага, яны падпісалі ліст да беларускага кіраўніцтва, бо Беларусь – гэта адзіная краіна ў Эўропе, якая дагэтуль такое пакараньне ўжывае. Вось як тлумачыць свой удзел у кампаніі “Міжнароднай амністыі” Аляскандар Васільеў з гурту “Сплин”.

(Васільеў: ) “Сьмяротнае пакараньне гэта нешта зь Сярэднявечча, гэта нешта з зусім неадукаванага грамадзтва. Зразумела, што ёсьць людзі, якія вельмі моцна пераступаюць закон, робяць нейкія жахлівыя рэчы. Але пазбаўляць іх жыцьця ў адказ цывілізаванае грамадзтва ня можа. Яно іх можа вельмі моцна пакараць пажыцьцёвым зьняволеньнем, але я не разумею людзей, якія бяруць на сябе гэтую карму, гэты грэх – забіваць некага, нават калі гэта злачынца”.

(Знаткевіч: ) “Паводле “Міжнароднай амністыі,” летась у Беларусі было прынамсі пяць выпадкаў сьмяротнага пакараньня. У СНД акрамя Беларусі сьмяротнае пакараньне ўжывае толькі Ўзбэкістан”.

(Васільеў: ) “Я хачу сказаць, што менавіта ў гэтых краінах – перакос у бок аўтарытарнай улады. І хутчэй за ўсё за кулісамі кіраўнік сам вырашае каго забіваць, а каго – не. Гэта абсалютна адмоўная практыка, таму яна мне не падабаецца, таму я яе не прымаю”.

(Знаткевіч: ) “Расейскія мэдыі ў свой час паведамлялі, што Аляксандар Лукашэнка асабіста забараніў перадаваць па радыё музыку гурту “Сплин”, бо яго, маўляў, абурыла амаральнасьць у тэксьце адной зь песьняў. Невядома, ці быў такі загад, але лідэр гурту канцэртаў у Беларусі не плянуе”.

(Васільеў: ) “У Беларусь, шчыра кажучы, мы даўно ўжо ня езьдзім, бо ў адной з нашых песьняў згадваецца Лукашэнка і зусім ня ў добрым сэнсе. Мы баімся перасьледу і таму там не зьяўляемся”.

(Гучыць песьня са словамі “В Белоруссии бесится злой Лукашенко”)

(Знаткевіч: ) “У сакавіку адбылася сустрэча шэрагу вядомых расейскіх рок-музыкаў з намесьнікам кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Расеі Ўладзіславам Сурковым. Тады ў мэдыях адразу ж зьявіліся вэрсіі, што расейская ўлада просіць музыкаў ня браць удзелу ў магчымай “аранжавай” рэвалюцыі ў Расеі і жадае скарыстаць рок-музыку для прапаганды сярод моладзі. Вось што кажа пра гэтую сустрэчу Барыс Грабеншчыкоў”.

(Грабеншчыкоў: ) “Паколькі мы на Радыё Свабода, дык дазволю сабе сказаць тое, што думаю. Крэтыны застануцца крэтынамі, а ўроды застануцца ўродамі. Ніхто нікога ў Крэмль не запрашаў. Патлумачу ў чым рэч. Мяне даўно хвалюе, што ў нас і на радыё і на тэлебачаньні ідзе паток даволі камэрцыйнага бруду. Мне ад гэтага сумна. Дайшло да таго, што па радыё граюць толькі тое, што камэрцыйна выгадна, а добрай музыкі ўжо не знайсьці. Я некалькі разоў размаўляў пра гэта з Уладзіславам Сурковым, зь якім я больш-менш блізка знаёмы і мы вырашылі прыдумаць такую штуку – паспрабаваць узяць нейкія часткі тэлевізійных каналаў і радыё ў свае рукі, каб там была добрая музыка. Для гэтага мы склікалі ўсіх вядомых нам музыкаў, каб вызначыць іх рэакцыю – то бок, ці хочуць яны ў гэтым браць ўдзел, ці хочуць яны, каб па радыё і тэлебачаньні грала добрая музыка. Пра гэта ішла гаворка паўтары гадзіны”.

(Знаткевіч: ) “Аднак ці не было на гэтай сустрэчы нейкіх просьбаў з боку ўлады?”

(Грабеншчыкоў: ) “Суркоў адразу ж ім усім сказаў, што на іх няма ніякага ціску, іх нікуды ня ўпісваюць і нічога ад іх ня просяць”.

(Знаткевіч: ) “У Савецкім Саюзе гурт “Аквариум” доўгі час быў у сьпісе фактычна забароненых, як цяпер некаторыя беларускія рок-музыкі. У цяперашняй Расеі на сваё 50-годзьдзе Барыс Грабеншчыкоў атрымаў ордэн “За заслугі перад Айчынай”. У афіцыйным паведамленьні агенцтва “Ітар-Тас” цытаваліся словы прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна, які назваў Грабеншчыкова “адным з найбольш яркіх майстроў сучаснага мастацтва”, чыя музыка “зрабіла сур’ёзны ўплыў на фармаваньне моладзевай культуры”. Я запытаўся ў спадара Грабеншчыкова ці не адчуваў ён сябе няўтульна, атрымаўшы ордэн”.

(Грабеншчыкоў: ) “Ёсьць людзі якія займаюцца сваёй справай, а ёсьць людзі якія гуляюцца ў цацкі. Вось ордэны – гэта цацкі, а музыка – гэта справа. Я думаю, што справа музыкі – пісаць тое, што ў яго ў душы”.

*****

(Знаткевіч: ) “Гурт “Lady Pank”, які паўстаў у 1982 годзе ў часе ваеннага становішча, гэта ў Польшчы гурт культавы. Дарэчы ня толькі ў Польшчы. Музыкі маюць сваіх прыхільнікаў і ў Беларусі. Напрыканцы 80-х гурт даў у Горадні 5 канцэртаў запар і кожны дзень заля была поўная. Пра тое, як музыкам “Lady Pank” гралася ў 80-я, у часы ПНР, пра цэнзуру і канцэрты ў Беларусі наш карэспандэнт Аляксей Дзікавіцкі пагутарыў з заснавальнікам і вакалістам гурту Янушам Панасэвічам”.

(Дзікавіцкі: ) “80-я гады былі для польскага рок-н-ролу пэрыядам росквіту – з’явіліся дзесяткі гуртоў, якія карысталіся шалёнай папулярнасьцю. Польскія рок-музыкі зьбіралі шматтысячныя залі, выдавалі плыты, да тэкстаў іх песьняў прыслухоўвалася моладзь, спрабуючы знайсьці адказ на шмат пытаньняў, якія заставаліся без адказу ў часах ПНР.

Я пытаюся ў Януша Панасэвіча, як яму гралася ў сацыялістычнай Польшы і ці ўспрымалі ўлады музыку “Lady Pank”, як пагрозу для тагачаснага дзяржаўнага ладу”.

(Панасэвіч) “У Польшчы, як мне падаецца, было крыху інакш, чым у тагачасных рэспубліках Савецкага саюзу. На пачатку 80-х паўстала вельмі шмат цікавых гуртоў, якія гралі рок-н-рол. А тагачасная ўлада ставілася да гэтага як да нейкай аддушына для моладзі. Маўляў, няхай сабе граюць ды наведваюць рок-канцэрты, галоўнае, каб не пайшлі на вуліцу рабіць рэвалюцыю. Канешне, заўсёды на такіх канцэртах было шмат міліцыі і гэтак далей. Але ўлады прынамсі ведалі, дзе гэтая моладзь, кантралявалі сытуацыю. Нават тэрмін дял гэтага ёсьць “кантраляванае граньне”.

(Дзікавіцкі: ) “Тым ня менш, як кажа спадар Панасэвіч, цэнзура была і даволі жорсткая. Музыкі, аднак, знаходзілі выхад – на канцэртах нярэдка тэксты песьняў былі іншыя, чым тыя, што прайшлі цэнзуру, якую прайсьці было неабходна, каб запісаць плыту. Здараліся і даволі сьмешныя сытуацыі”.

(Панасэвіч) “У нас была такая песьня “Мастацтва лётаць” – гэта старая песьня, якая была вельмі папулярнай. І вось дырэктар трэцяй праграмы польскага радыё кажа нам: “Спадарства, я не магу гэта паставіць у эфір, бо ў песьні гаворыцца пра самагубства – хлопец скочыў праз вакно, гэта значыць, што яму дрэнна жывецца ў сацыялістычнай айчыне”. А тады мой калега з гурту кажа: “А дзе ж вы знайшлі ў тэксьце, што ён упаў і разьбіўся, а можа ён скочыў і паляцеў і лётае дагэтуль ад шчасьця”.

(Дзікавіцкі: ) “У 1983 годзе міліцыянты зьбілі да сьмерці 19-гадовага Гжэгажа Пшэмка, які разам з калегамі сьвяткаваў у Варшаве сканчэньне школы. На пахаваньне Гжэгожа вышлі сотні тысячаў палякаў – яно ператварылася ў вялікую маніфэстацыю супраць улады.

Гімнам гэтых пратэстаў стала песьня “Lady Pank” “Менш чым нуль” – Mniej niż zero”, адмыслова напісаная гуртом на сьмерць Гжэгажа Пшэмка. Гэтую песьню ўлады забаранілі.

А ці было ў Польшчы нешта падобнае да беларускага “чорнага сьпісу”гуртоў?”

(Панасэвіч: ) “Можа такога сьпісу і не было, але вядома, што ўсе вядучыя гурты – “Манам”, “Пэрфэкт”, Лех Янэрка, наш гурт, як толькі яны запісваюць альбом, дык адразу дакладна ўлады правяралі, ці няма там нейкага блюзьнерства. Але граць было можна і гэта вялізны плюс. Я ведаю, што цяпер у Беларусі граць не даюць. І не даюць граць менавіта таленавітым музыкам – я чуў некаторыя іх запісы, і гэта вельмі добрая, якасная музыка. Яшчэ я не магу зразумець, як гэта беларускія ўлады не даюць рок-музыкам сьпяваць па-беларуску? Яны ж беларусы! Але калісьці і ў нас на канцэртах было шмат міліцыі. Памятаю, мы выступалі ў горадзе Грудзёнц, дзе нарадзілася вядомая апазыцыянэрка Ганна Валентыновіч. Улады лічылі гэты горад горадам рэвалюцыі і прыгналі на наш канцэрт вялізную колькасьць міліцыі. Слухачы нас вельмі горача віталі, а пасьля канцэрту нейкі сяржант, я дагэтуль памятаю ягоны твар, падышоў да мяне, памахаў кулаком перад тварам, ды кажа: “Ты, казёл, тут больш граць ня будзеш!”. Уяўляеце, мы тады ўжо былі вельмі папулярныя, а нейкі сяржант мне кажа “ты тут граць ня будзеш”.

(Дзікавіцкі: ) “У 1980-м годзе, калі паўставала “Салідарнасьць”, па Варшаве некаторы час езьдзіў грузавік з гукаўзмацняльнай апаратурай, у якім на знак падтрымкі гэтага першага незлежнага прафсаюзу гралі вядомыя рок-музыкі. “Lady Pank”, як кажа Януш Панасэвіч, “мелі больш шчасьця”, бо калі гурт стаў папулярны ўсе ўжо ведалі, што камунізму хутка прыйдзе канец і асаблівых рэпрэсіяў з боку ўладаў не было.

У 1985 годзе гурт “Lady Pank” упершыню паехаў на 6 тыдняў з канцэртамі ў ЗША. Турнэ распачалося ад вялікай прэс-канфэрэнцыі, у якой узялі ўдзел прадстаўнікі вядучых амэрыканскіх мэдыяў. Пасьля вяртаньня, улады паспрабавалі націснуць на музыкаў”.

(Панасэвіч: ) “Праз два дні пасьля вяртаньня з Амэрыкі, мяне і яшчэ двух музыкаў нашага гурту вызвалі ў ЦК партыі. І такія людзі, як напрыклад наш цяперашні прэзыдэнт Квасьнеўскі – ён тады быў маладым функцыянэрам, правялі з намі размову. Маўляў, ну раскажыце, пра што ж вы там у Штатах казалі? Мы ведаем тое-сёе што вы сказалі і нават тое, чаго не сказалі. Хіба вам дрэнна? Вы ж папулярныя, у вас усё ёсьць. Калі ня будзеце дрэнна казаць, то будзе вам яшчэ лепш. Тады быў у СССР нейкі фэстывалі дружбы і яны таксама думалі каб нас туды накіраваць ад Польшчы, але каб мы нічога там не нагаварылі блюзьнерскага. Ведаю, што нашых калегаў таксама выклікалі”

Напрыканцы 80-х “Lady Pank” упершыню выступілі тады яшчэ ў савецкай Беларусі – у Горадні”.

(Панасэвіч: ) “Гэта было нешта цудоўнае – ніколі не забуду гэтыя канцэрты. Мы гралі ў тэатры пяць дзён запар і кожны раз заля была поўная – людзі добра ведалі нашыя песьні. Да таго ж беларусы вельмі гасьцінныя –паказвалі нам горад, многія запрашалі да сябе ў госьці дадому. Памятаю, што ўжо тады ў Горадні відаць было перамены – людзі слухалі ў клюбах іншую музыку, панкі хадзілі па вуліцах, нешта можна было рабіць”.

(Дзікавіцкі: ) “Нярэдка можна пачуць, што сапраўдная творчасьць магчымая толькі ў экстрэмальных умовах, што пасля таго, як такія ўмовы мінаюць, няма пра што пісаць ці няма аб чым сьпяваць. Ці сапраўды польскім-рок музыкам цяжка было знайсьці сябе ў новай рэчаіснасьці, калі Польшча стала вольнай?”

(Панасэвіч: ) “Я скажу так – сапраўдныя творцы павінны даваць сабе рады ў любой сытуацыі. Напрыклад, нельга сказаць што ў ЗША ў 60-я 70-я гады была нейкая рэвалюцыя ці рэжым, а колькі там паўстала выдатных рок-гуртоў – іх папросту стварылі таленавітыя людзі. Канешне, такія сытуацыі як была ў ПНР, ці цяпер у вас, яны выклікаюць больш эмоцыяў, ёсьць больш рэчаў, якія тычацца не высокай паэзіі, а штодзённага жыцьця кожнага чалавека і людзі хочуць гэта чуць. А рок-н-рол гэта ідэальная музыка для пратэсту. Калісьці Гжэгож Цехоўскі – легендарны музыкант, які ўжо памёр, казаў, што калі ўжо абсалютна ня будзе пра што сьпяваць, то буду сьпяваць пра каханьне”.

Поўны аўдые на FTP сэрвэры Радыё Свабода: • FTP Real Audio, частка першая (4.5 Mb, пачатак пасьля навінаў) • FTP Real Audio, частка другая (4.5 Mb) • FTP Windows Media, частка першая (7 Mb, пачатак пасьля навінаў) • FTP Windows Media, частка другая (7 Mb)

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG