Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клопат Лукашэнкі – дэкрэт №222 аб дзейнасьці студэнцкіх атрадаў


Іна Студзінская, Менск Напярэдадні летніх вакацыяў Аляксандар Лукашэнка чарговым разам праявіў свой спэцыфічны клопат пра моладзь – падпісаў Указ № 222 "Аб некаторых пытаньнях арганізацыі дзейнасьці студэнцкіх атрадаў". Да таго ж Міністэрства адукацыі распрацавала інструкцыю, якая значна ўскладніла выезд студэнтаў на вучобу і працу за мяжу. Насуперак практыцы мінулых гадоў, студэнтам, якія зьбіраюцца працаваць летам у замежжы, не дазваляюць здаваць датэрмінова сэсію. І цяпер практычна немагчыма выехаць працаваць па міжнародных праграмах "Work and travel" – "Праца і адпачынак".

Усё робіцца толькі ў інтарэсах і дзеля карысьці саміх студэнтаў – маўляў, праца моладзі падчас летніх вакацыяў не павінна адбіцца на якасьці адукацыі. Фірмы-пасярэднікі, якія накіроўваюць студэнтаў працаваць за мяжу, чакае перарэгістрацыя і ліцэнзаваньне, а таксама праверка кантралюючых органаў. Прычым, ня столькі з-за незаконнай дзейнасьці і фінансавых парушэньняў, а выключна па ідэалягічных матывах.

"Міграцыйныя працэсы студэнтаў маюць велізарны ўплыў на разьвіцьцё грамадзтва, таму дзяржава робіць захады, якія прыўнясуць новы подых разьвіцьцю гэтых накірункаў", – лічыць намесьнік начальніка Ўпраўленьня па справах моладзі Міністэрства адукацыі Раман Лабазноў.

Карацей кажучы, абмяжоўваецца выезд за мяжу ў дзяржаўных інтарэсах. Звычайна студэнты, якія едуць працаваць ў Амэрыку, спрабуюць здаць датэрмінова сэсію і паехаць на пачатку чэрвеня, папрацаваць месяцы чатыры (трэба ж апраўдаць і затраты на візу, на білеты). Але, як распавяла адна студэнтка...

(Студэнтка: ) "Датэрмінова сэсію здаваць не даюць. Рэктар, напрыклад, нашага ўнівэрсытэту – Беларускага дзяржаўнага эканамічнага – выдаў указ аб забароне. У мінулым годзе ўсе абыходзілі гэта іншымі шляхамі і ехалі. Сёлета забаранілі катэгарычна, нягледзячы на прычыны. І тыя, хто зьбіраецца ехаць, пакідаюць "хвасты", не здадзеныя іспыты, спадзеючыся на тое, што выратуюць сытуацыю, калі вернуцца ў верасьні.

Зараз таксама ў нас студэнты, хто выяжджаюць, мусяць падпісваць паперу, што абавязуюцца вярнуцца да 1 верасьня, і ўсе агенцыі інфармуюць афіцыйна, што "калі вы ня вернецеся, то мы падаем пра вас зьвесткі ў Міністэрства адукацыі і ў МУС". У аніводнай краіне такога няма. Усе студэнты, якія сустракаюцца там з краінаў СНД, кажуць, што ў іх усё гэта без праблем, толькі ў Беларусі такое".

Ва ўсе часы студэнты імкнуліся летам падпрацаваць, зарабіць на бязьбеднае існаваньне... Калі ўлады і кіраўніцтва ВНУ робяць усё магчымае, каб не выпускаць студэнтаў на падпрацоўку за мяжу, што яны прапаноўваюць замест гэтага?

На зьмену індывідуальным і не кантралюемым працоўным ваяжам студэнтаў за мяжу павінны стварацца студэнцкія атрады пад эгідай БРСМ, якія будуць працаваць выключна на радзіме. Чальцам студэнцкіх атрадаў дазволена здаваць сэсію датэрмінова. А іхныя заробкі не абкладаюцца падаходным падаткам.

Згодна з Указам прэзыдэнта №222, "дзейнасьць студатрадаў можа ажыцьцяўляцца толькі на аб''ектах дзяржаўнай уласнасьці, альбо з доляй дзяржаўнай уласнасьці". І хаця лета не за гарамі, пакуль вызначаны адзінкі аб''ектаў, дзе чакаюць будатрады. Ударнай моладзевай будоўляй кіраўнік дзяржавы абвясьціў рэканструкцыю беларускай часткі Аўгустоўскага каналу. Дзяржава гарантуе студэнтам працу і заробкі. Але яны даволі скептычна ставяцца да гэтай прапановы.

(Студэнтка: ) "У сувязі з фармаваньнем будаўнічых атрадаў, якія будуць працаваць на рэканструкцыі Аўгустоўскага каналу, можна параўнаць адну працу, і другую. Па-першае, канешне, праца ў будаўнічых атрадах – гэта пазбаўленьне студэнтаў галаўнога болю. За яго ўсё вырашаюць, за яго думаюць, адзінае – прыйсьці і запісацца. За яго вырашаюць, дзе ён будзе працаваць, што ён будзе рабіць, і колькі ён будзе атрымліваць. Па чутках, гэта 300 тысяч у месяц. Гэта грошы зусім невялікія за месяц. Калі нават 3 месяцы працаваць, можна зарабіць 900 тысяч. А калі папрацаваць па праграме "Work and travel", можна зарабіць некалькі тысяч даляраў і аплаціць навучаньне. Іншая справа – калі ехаць працаваць за мяжу самастойна, то патрэбна рабіць усё самому, і вырашаць пытаньні з дакумэнтамі, і фінансавыя пытаньні, але вынік, канешне, зусім іншы".

Застаецца дадаць, што студэнты, якія ўсё ж такі пераадолеюць усе перашкоды і паедуць працаваць за мяжу, павінны заплаціць падаткі па поўнай праграме (у адрозьненьні ад арганізаванай у атрады моладзі). І дзякуючы Указу прэзыдэнта, значна ўзрасьце колькасьць чальцоў БРСМ – хто хоча працаваць у будатрадзе, павінен спачатку ўступіць у гэту моладзевую арганізацыю.
XS
SM
MD
LG