Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Хто перамог у Маскве, той прайграў дома?


Вячаслаў Кулік, Менск На сустрэчы з навучэнцамі – пераможцамі міжнародных алімпіядаў, конкурсаў і фэстаў, якая адбылася ўчора ў Менску, Аляксандр Лукашэнка пажадаў юнакам і дзеўчынам пераймаць веды і досьвед старэйшых настаўнікаў-эрудытаў. Паводле нават сьціплых падлікаў, больш як чатыры дзесяткі жыхароў Беларусі, а яшчэ і ўнівэрсытэцкія каманды КВН, перамагалі ў інтэлектуальных гульнях на расейскіх тэлеканалах.

Каштоўныя прызы бралі пераважным чынам прадстаўнікі беларускай правінцыі – зь Пінску, Рэчыцы, Воршы, Бярозы, Стаўбцоў ды іншых. Але, насуперак заявам Лукашэнкі, хто выйграў у Маскве, не заўжды атрымлівае падтрымку сваіх ініцыятываў ад мясцовай вэртыкалі.

Сталым супернікам знаўцаў расейскай тэлегульні “Што? Дзе? Калі?" зьяўляецца жыхар Пінску Ўладзімер Лебядзеў. Галоўны прыз – “Дыямантавую саву” – паляшук атрымаў за самае цікавае пытаньне сэзону. Яно тычылася сымболікі электроннай пошты – так званай сабакі. Інтэлектуалы прайгралі пінчуку, бо не здагадаліся, што карэйцы называюць электронны сымбаль чарвяком, вугорцы – сьлімаком, фіны – кошкай. Па словах эрудыта зь беларускага Палесься, ягоны посьпех набыў сусьветны рэзананс.

(Лебядзеў: ) "Тэлефанавалі з Ізраілю, Амэрыкі. Хтосьці быў у Нямеччыне, нехта – у Англіі. Глядзелі, як высьветлілася. І, як гавораць, крычалі: “Гэта нашыя, нашыя выйгралі!”"

Пасьля гучнай перамогі ў Маскве Ўладзімер Лебядзеў вырашыў змагацца за сваё жыцьцёвае крэда:

(Лебядзеў: ) “У мяне і да гэтага быў плян працаваць з моладзьдзю, арганізаваць інтэлектуальны рух. Пінск да гэтага ніхто не прыцягваў і ініцыятывы такой не было. Праявіў ініцыятыву на сваю галаву. Хадзіў да начальства, пераконваў. Яны вырашылі, што “трэба некуды прыткнуць”. Урэшце, прыткнулі мяне ў КСУ – культурна-спартыўную ўстанову – “Рамантык”, якая працуе па ЖЭСах. Што маю? Чатыры сьценкі і аклад 130 тысяч рублёў. Аклад цяпер падрос, было 80 тысяч. Вось чаго дамогся”.

З райцэнтру Рэчыца на Гомельшчыне пераможцай шоў-праграмы першага расейскага тэлеканалу “Поле цудаў” стала Раіса Патароча.

(Патароча: ) “Загадчык інфармацыйнага аддзелу патэлефанаваў: “Мы ў вас верылі!”. І ўсё на гэтым. Ніхто нават у школе не пацікавіўся. Уваходжу ў бацькоўскі камітэт, часта там бываю і ня ведаю зь якіх прычынаў, але ніхто не цікавіцца, не прасілі расказаць”.

Падчас размоваў зь іншымі беларусамі, якія перамагалі ў расейскіх тэлешоў, вымалёўваецца тыповая зьява: эрудыцыя герояў тэлеэкрану не запатрабаваная нават на ўзроўні дзіцячага выхаваньня. Іхная асабістая ініцыятыва, як мы пачулі, не выклікае энтузіязму ў чыноўнікаў.

Сытуацыю камэнтуе экспэрт Беларускай асацыяцыі журналістаў Эдуард Мельнікаў.

(Мельнікаў: ) “Тое, што нашыя людзі ня маюць магчымасьці на беларускім тэлебачаньні праявіць свае здольнасьці – гэта крыўдна і кепска. Улада “выбіла” лепшыя творчыя кадры. Нават паводле афіцыйных зьвестак дзяржаўнага Саюзу журналістаў, звольненыя каля 700 сцэнарыстаў, рэжысэраў, апэратараў. А тое, што недзяржаўнае, калі людзі самі праяўляюць ініцыятыву, для нашай дзяржавы падазронае. Як не дзяржаўнае, то быццам бы ня тое, што трэба”.

Журналіст Радыё Свабода Віталь Цыганкоў летась стаў пераможцам папулярнага тэлешоў “Слабае зьвяно”. На яго погляд, актыўны ўдзел беларусаў у інтэлектуальных гульнях на расейскіх тэлеканалах сьведчыць пра тое, што беларусы – адукаваныя людзі, якія цікавяцца жыцьцём і культурай. І ня толькі беларускай, але ўсясьветнай, у тым ліку расейскай.
XS
SM
MD
LG