Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пытаньне беларускіх зьніклых зноў абмяркоўваецца ў Радзе Эўропы


Ул. інф. Сёньня прайшло паседжаньне Камітэту праўных пытаньняў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ), прысьвечанае гвалтоўным зьнікненьням людзей. Пасяджэньне было праведзенае на ініцыятыву спэцыяльнага дакладчыка асамблеі Хрыстаса Пургурыдэса, аўтара справаздачы “Палітычныя зьнікненьні ў Беларусі”.

У нарадзе ПАРЭ ўзяў удзел спэцдакладчык ААН па Беларусі Адрыян Севярын.

Спадар Пургурыдэс нагадаў у сваім выступе, што вынікам абмеркаваньня праблемы зьніклых у Беларусі сталася забарона на ўезд у краіны Эўразьвязу беларускіх чыноўнікаў, якія падазраюцца ў датычнасьці да гэтых выкраданьняў.

Хрыстас Пургурыдэс заявіў, што міжнародная супольнасьць павінная працягваць шукаць мэханізмы ўзьдзеяньня на сытуацыю ў Беларусі, у тым ліку і юрыдычныя.

Спэцдакладчык ААН па Беларусі Адрыян Севярын таксама выказаўся за актывізацыю міжнароднай дзейнасьці ў гэтым накірунку, у прыватнасьці, ён прапанаваў публічна называць злачынцаў пайменна, наносячы шкоду іх рэпутацыі.

На пасяджэньні выступілі таксама родныя і прадстаўнікі ахвяраў выкараданьня: Сьвятлана Завадзкая – жонка зьніклага Зьмітра Завадзкага, а таксама пацярпелыя з Чачэніі, з турэцкай і грэцкай частак Кіпру.
XS
SM
MD
LG