Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Віцебск: Хто адказны за пагаршэньне беларуска-польскіх дачыненьняў?


Браніслава Станкевіч, Віцебск Беларуска-польскія дачыненьні апошнім часам істотна пагоршыліся: улады Беларусі выслалі польскага дыплямата, могуць забараніць уезд у Польшчу шэрагу беларускіх дзяржаўных прадстаўнікоў, зьявіліся праблемы ў грамадзкай арганізацыі “Саюз палякаў Беларусі”. Хто, на думку віцяблянаў, адказвае за тое, што цяпер адбываецца паміж дзьвюма краінамі?

(Спадар: ) “Нават ня ведаю. Думаю, што вінаваты і адзін, і другі бок. Але не прэзыдэнты вінаватыя, а спэцслужбы якія-небудзь. Бо гэта, мусіць, спэцслужбы свае меркаваньні ўнушаюць прэзыдэнту і людзям таксама”.

(Спадарыня: ) “Лукашэнка. Гэта ён, як заўсёды, уразіў усіх сваім розумам і знаходлівасьцю — гэта ён чарговы раз папсаваў адносіны з нашымі бліжэйшымі суседзямі!”

(Спадар: ) “Адказны наш урад. Неразумна зрабілі, што выслалі адсюль палякаў. Тым больш што і фактаў нейкай “падрыўной” дзейнасьці з боку палякаў няма”.

(Спадар: ) “Уся адказнасьць за пагаршэньне беларуска-польскіх дачыненьняў кладзецца на ўрад Беларусі і, у прыватнасьці, на Аляксандра Лукашэнку. Бо менавіта ягоныя выказваньні сталі прычынаю апошняга пагаршэньня стасункаў паміж Польшчай і нашай краінай”.

(Спадарыня: ) “Гэта толькі Лукашэнка вінаваты, ён ня ўмее кантактаваць зь людзямі. Ён у нас цалкам невыязны прэзыдэнт”.

(Спадар: ) “Наш урад вінаваты. Таму што ён супраць Эўразьвязу і ня хоча нават паказаць, што ў нас ёсьць апазыцыя”.

(Спадар: ) “Я думаю, гэта не дзяржавы вінаватыя, а тыя людзі, каму гэта выгадна. Ёсьць такія людзі, яны працуюць — імкнуцца прадставіць Беларусь у такім сьвятле, нібыта ў нас тут толькі што не ідзе грамадзянская вайна”.

(Спадарыня: ) “Можа, і беларускі ўрад вінаваты, і польскі. Я лічу, што яны мусяць ісьці адзін аднаму насустрач”.

(Спадар: ) “Я глыбока перакананы ў тым, што адказны за ўсё рэжым, які пануе на Беларусі. Бо радыё “Палёнія” часта перадавала, што паміж краінамі мацнеюць сувязі, і самі палякі заўсёды захоўвалі пэўную стабільнасьць у зносінах, хаця і не віталі недэмакратычныя памкненьні Аляксандра Лукашэнкі. Але, як кажуць, “мądry Polak po szkodzie”: цяпер палякі зразумелі, што трэба, не шкадуючы, ціснуць на Беларусь. І думаю, што цяпер ітакая палітыка будзе працягвацца — пакуль ужо нарэшце наша краіна станецца дэмакратычнай”.
XS
SM
MD
LG