Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камунальная служба вынайшла новы спосаб змаганьня з даўжнікамі?


Казімер Яноўскі, Калінкавічы У Калінкавічах мясцовая камунальная служба сьпілоўвае ў кватэрах жыхароў краны падачы вады. Гэтак райцэнтры змагаюцца з тымі, хто мае доўг за камунальныя плацяжы.

У сям’і Тамары Кліменкі з Калінкавічаў дзьве дачкі-студэнткі. Каб давучыць іх, давялося ўзяць крэдыт у банку. Муж вымушаны шукаць заробкаў у Расеі. Сама спадарыня Кліменка два гады была беспрацоўная і толькі нядаўна ўладкавалася на паўстаўкі паштальёнам. Адначасова даглядае хворую маці.

Частку камунальных плацяжоў Тамара Кліменка сплачвала. Але за апошнія пяць месяцаў доўг усё-такі ўтварыўся: разам 220 тысяч рублёў. І жанчына прычакала візыту майстра Назаранкі ды іншых камунальнікаў з ЖЭУ №1.

(Кліменка: ) “Заходзяць да мяне ў кватэру з дамаўправы чатыры чалавекі. Сказалі, што ў іх загад. Перакрылі ваду і адпілавалі кран. У кватэры, у прыбіральні гэты вэнтыль агульнай падачы вады адпілавалі, каб я не змагла адкруціць і карыстацца вадою”, — распавяла Тамара Кліменка.

Як стала вядома, падобным чынам спынена падача вады чатырнаццаці жыхарам райцэнтру. Дырэктар прадпрыемства “Камунальнік “Калінкавіцкі” Віктар Палазьнік кажа на гэта:

(Палазьнік: ) “Кожны сёмы ня плаціць! Уявіце сабе, кожны сёмы не жадае плаціць за атрыманыя камунальныя паслугі”.

Паводле дырэктара, амаль тысяча неплацельшчыкаў завінаваціліся за жыльлёва-камунальныя паслугі 226 мільёнаў рублёў. Прадпрыемства зь цяжкасьцю сплачвае заробак сваім працаўнікам. Што да сям’і Тамары Кліменкі, то спадар Палазьнік абяцаў асабіста разабрацца ў ейнай сытуацыі.

Зрэшты, неплацяжы насельніцтва за камунальныя паслугі назіраюцца ня толькі ў Калінкавічах. Нядаўна я распавядаў пра аналягічную сытуацыю ў заражанай радыяцыяй Нароўлі. Тое ж можна казаць пра Хойнікі, Брагін ды іншыя райцэнтры. Рэзкае падвышэньне камунальных плацяжоў без рэальнага росту даходаў насельніцтва таксама спрычынілася да таго, што цяпер у краіне каля 28% людзей ня могуць своечасова разьлічыцца за камунальныя паслугі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG