Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хочаш адпачыць у добрым беларускім санаторыі? Атрымай дазвол Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта


Ігар Карней, Менск Набліжаецца сэзон адпачынкаў. Спэцыялісты сфэры турбізнэсу канстатуюць, што галоўная тэндэнцыя лета-2005 — амаль паўсюднае падвышэньне коштаў на турыстычныя паслугі. Чым гэта абумоўлена?

Кіраўнік інфармацыйна-турысцкага агенцтва “Эдэльвэйс” Іван Кобзік кажа, што галоўная адметнасьць сёлетняга сэзону адпачынкаў — падвышэньне коштаў амаль па ўсіх кірунках.

(Кобзік: ) “Дзесьці гэта зьвязана з умацаваньнем эўра, дзесьці курорты займелі большую папулярнасьць, і кошты падвысілі штучна. Можна ў гэтым сэнсе назваць Турэччыну, якая падаражэла на 10—20%. Такія ж тэндэнцыі датычна Крыму. У параўнаньні са становішчам на рынку, якое было дзесяць гадоў таму, для беларусаў робіцца элітарным адпачынак у Гішпаніі — у 1995-м было зусім па-іншаму”.

Куды ж у такім разе накіруюць позірк беларускія турысты? І ці варта плянаваць свой адпачынак у Беларусі? Вось меркаваньне Івана Кобзіка:

(Кобзік: ) “Няблага выглядае Баўгарыя: сёлета замест чатырох самалётаў паляцяць пяць. Прычым, адзін зь іх будзе рабіць рэйсы раз на два тыдні, а гэта магчымасьць адпачываць чатырнаццаць дзён замест традыцыйнай дзесяцідзёнкі. Таксама прыемная падзея — новы чартэр у Туніс: нармалёвы адпачынак эўрапейскага ўзроўню, уся інфраструктура там створаная пры ўдзеле францускіх фірмаў і спэцыялістаў. Прапанова ўпершыню на рынку, таму існуе пэўны дэмпінг, і першыя рэйсы ўжо цалкам прададзеныя. Што да беларускіх турыстычных базаў, то тут нічога новага, на жаль, няма — і ў пляне новых аб’ектаў адпачынку, і ў пляне коштаў, якія па-ранейшаму не адпавядаюць якасьці паслугаў, якія там прапануюцца”.

Між тым, адпачыць у Беларусі ня так і проста. Пуцёўкі ў галоўныя беларускія санаторыі і дамы адпачынку прадае падначалены Краўніцтву справаў прэзыдэнта цэнтар “Курорт”. Прычым, ад гэтага сэзону прэтэндэнтаў на адпачынак будзе фільтраваць адмысловая камісія. Пра гэта апавяла супрацоўніца цэнтру.

(Супрацоўніца цэнтру: ) “У нас у вольным продажы нічога няма. Мы структура Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта, таму трэба пісаць заяву, зьбіраць даведкі ў лекараў, і потым ужо камісія будзе разглядаць — выдзеліць вам пуцёўку ці не”.

Нягледзячы на спробы Міністэрства спорту і турызму “прывязаць” турыстычны бізнэс да Беларусі, многія беларусы па-ранейшаму карыстаюцца паслугамі не беларускіх, а расейскіх, літоўскіх, украінскіх фірмаў. Кіраўнік Нацыянальнага агенцтва турызму Чэслаў Шульга называе некаторыя прычыны, чаму так адбываецца:

(Шульга: ) “На сёньняшні дзень любы грамадзянін за кошт таго, што досыць проста атрымаць візу ў суседнія дзяржавы, гэтым карыстаецца. Перадусім, прычынай пуцёўкі на пералёт — яны таньнейшыя, кампаніі больш прывабныя. Па-другое, ёсьць і такі нюанс: хтосьці паехаў з тым, пра каго не хацеў бы, каб ведалі астатнія. Узяў бронь, не правёў праз касу, забраняваў праз Маскву пуцёўку, паехаў — і ніхто пра цябе ня ведае”.
XS
SM
MD
LG